- I ў моры цяпер шмат што змянiлася, - патлумачыў ён, - рыба, вустрыцы, слiмакi ды iншыя стварэннi сталi ўжо не такiя, як раней.

Пасля даў знак хлопцу, каб замест мiскi паставiў меднiцу, у якой было крыху вады, i ўлiў туды нейкiя шэрыя ды зялёныя вадкасцi, дадаў нейкага тлушчу ды нейкага густога, накшталт смалы, алею, усыпаў дзве жменi зямлi i дзве жменi тоўчанае вапнавае скалы, перамяшаў усё i ў гэтую мiкстуру капнуў некалькi кропляў сапфiравае вады. Бурлiла ў медным посудзе, уздымалiся ды лопалiся ў паветры пухiры; газ, прыкры, аж не стрываць, напоўнiў паветра; ён дадаў туды яшчэ некалькi кропляў чырвонае вады - выбухнуў агонь, пачуўся шум i сыканне. А калi затухла полымя, я ўбачыў поўную меднiцу жахлiвых гадаў; iхнiя вочы свяцiлiся крывавым бляскам. Гледзячы на гэтых жудасных пачвараў, пан Рылец сказаў:

- Гэта страшыдлы мiнулага, у iх абудзiлася жыццё, з'явiлася i атрута смяртэльная; бяда, калi дакранешся да iх рукою: ад асобных з iх застаюцца невылечныя раны, iншыя забiваюць насмерць. Зло i дабро iснавалi ад пачатку свету, аднак ёсць перамены як у фiзiчным, так i ў маральным свеце, а ўваскрашаць гэтых монстраў мiнуўшчыны трэба дзеля таго, каб, параўноўваючы з цяперашнiм пакаленнем, лепей пазнаць свет новы i стары.

Сказаўшы гэта, ён паклаў на стол аркуш белае паперы, рассыпаў на iм зроблены з розных фарбаў парашок (такi дробны, як найдалiкатнейшы пылок), папырскаў сапфiраваю i чырвонаю вадою - i на папяровым аркушы, як на воблаку, з'явiлiся прыгожыя вясёлкi. I раптам адтуль узляцелi цудоўныя рознакаляровыя матылi: яны снавалi ў паветры, пасля абляпiлi сцены ды вокны i сядзелi, як найпрыгажэйшыя кветкi. Пан Рылец сказаў:

- Гэта прыгажосць i аздоба маладога свету; матылi чаруюць, захапляюць вока; перлы, рубiны i дыяменты зiхацяць на крылах; некалi ў iх не было такiх прыгожых колераў. Свет фiзiчны змянiўся, i ў маральным свеце цяпер iншыя жаданнi, iншыя мары.



17 из 22