Сказаўшы гэта, Саматнiцкi некалькi хвiлiнаў сядзеў як скамянелы, пасля раптоўна крануўся з месца i зноў пачаў гаварыць:

- Я бачыў Адэлю; яна заўсёды аднолькавая - шчаслiвыя кабеты! Яны не сочаць за рухам планетаў на небе, не даследуюць таямнiцаў прыроды; iх прываблiваюць прыгожыя строi, вясёлая забава, новае сяброўства...

Прыйшла нядзеля, настаў прызначаны вечар; я паспяшаўся да пана Рыльца. Iшоў туды пешкi; было сем гадзiн: на цёмных вулiцах сям-там цьмяна свяцiлi лiхтары; неба было пагоднае, толькi халодны вецер дзьмуў з мора; падыходзячы да ягонае хацiны, пачуў я страшны шум марскiх хваляў, а ў вокнах заўважыў святло запаленых свечак. Увайшоў у хату, сустрэў мяне нямы лёкай, адчынiў дзверы - i тут дзiўнае вiдовiшча адкрылася перад вачыма: пяцёра гасцей высокага росту, сталых, шосты - пан Рылец стаялi ля стала, трымаючы ў руках поўныя келiхi нейкага пiтва, з якога бухаў агонь, пры гэтым усе разам крычалi: "Няхай славiцца Саламандра!" Яны перакулiлi келiхi, а мне здалося, што выпiлi чыстае полымя; убачыўшы мяне, гаспадар сказаў:

- Ты спазнiўся i не выпiў з намi полымя ў гонар Саламандры, жменя попелу якое - звяно, а ўваскрашэнне i жыццё - бясконцы ланцуг.

Сказаўшы гэта, ён налiў келiх, падпалiў яго, i я, усклiкнуўшы: "Няхай славiцца Саламандра!", выпiў, абы не адрознiвацца ад iншых гасцей i дагадзiць волi гаспадара.

Потым пан Рылец дастаў з шафы каляровыя вадкасцi Гайнара, загадаў нямому хлопцу налiць медны ды iншы посуд вадою i ў прысутнасцi сваiх гасцей зноў пачаў з зямлi i патоўчанае вапнавае скалы ўваскрашаць ракавiны, гадаў, матылёў ды iншую жамяру; калi ўсе са здзiўленнем убачылi ажыўленыя дапатопныя iстоты, ён загадаў змянiць ваду, прынесцi лiсця з дрэваў i травы.

- Паглядзiм цяпер на сучаснасць, - сказаў ён, - адна вадкасць чырвонага колеру пакажа нам найдрабнейшыя iстоты лепей, чым самыя дасканалыя мiкраскопы.

Ён улiў адну кроплю ў медную пасудзiну з марскою вадою, i там на нашых вачах з'явiлася мноства дзiўных i жахлiвых iстотаў, якiя ўвачавiдкi павялiчвалiся; потым даставаў адтуль страшэнных пачвараў, клаў на стол: яны нагадвалi рыб, марскiх звяркоў, яшчарак i кракадзiлаў.



19 из 22