Гэта ж учынiў потым з крынiчнаю вадою - iншыя з'явiлiся монстры. Расклаўшы на стале лiсце з дрэў i траву, ён пакрапiў усё чырвонаю вадою, i тут паказаўся нябачны свет у надзвычайных, фантастычных постацях: крылатыя цмокi, сфiнксы, кентаўры i гiдры пачалi кружыць па шырокiм стале; трывога працяла сэрцы гледачоў.

Гэтыя i iншыя выпрабаваннi доўжылiся да самае поўначы, пасля пачалася гаворка пра развiццё розных навукаў i разгляд твораў нямецкiх ды сучасных польскiх фiлосафаў; доўга разважалi пра Трантоўскага13, Быхаўца14, Бохвiца15 ды iншых; найбольш мне запомнiлiся словы пана Рыльца:

- Я з большым задавальненнем чытаю старажытных грэцкiх фiлосафаў; яны шчыра шукалi святла праўды, i часам асобным з iх удавалася хоць здалёку ўбачыць прамень вечнага святла. Цяпер, калi нябеснае сонца Евангелля свецiць усяму свету, яны блукаюць у цемры i самi не ведаюць, чаго шукаюць; назвалi чалавечую душу часткаю Бога, а яна ж - стварэнне Божае, як i iншыя ўсе душы.

Гэтыя размовы доўжылiся да позняе ночы, а калi прабiла дзве гадзiны, закончылiся лiтаратурныя забавы, i мы ўсе разам выйшлi; я адзiн вяртаўся дахаты па пустых i цёмных вулiцах, думаючы пра ўсё тое, што бачыў i што чуў.

У часе майго знаходжання ў Адэсе я яшчэ некалькi разоў наведваўся ў дом пана Рыльца, бо мяне цешыла ягоная таварыскасць i вучоныя размовы; калi перад выездам з горада я прыйшоў да яго апошнi раз, каб развiтацца ды падзякаваць за ласку, ён, даючы мне дзве бутэлечкi са спiртавым настоем, дзве з алеямi, некалькi сваiх парашкоў, перасцярог:

- У цябе цяпер воды Гайнара i ўсё, што патрэбна для даследавання прыроды уваскрашай жа мiнуўшчыну, выклiкай з магiлаў памерлыя iстоты; вывучай таямнiцы ўсiх мiнулых стагоддзяў i цяперашняга свету, - i ўсюды ўбачыш цуды, якiя iншым i не снiлiся; убачыш руку Творцы, але не пераступай межаў, не даследуй дух, бо тут патрэбна вышэйшая сiла, тут патрэбна яснабачанне; не забывай, што ты чалавек, не аддаляйся ад свайго цела без волi Таго, хто цябе з iм злучыў, i вокам твае душы не ўзiрайся ў iншую душу, якая створана, як i твая.



20 из 22