
Увесь той вечар суседзi гаманiлi пра Саматнiцкага.
* * *
Дзень быў восеньскi, неба хмурнае, шумелi дрэвы над счарнелым дахам хутара, вецер падымаў у паветра жоўтую лiстоту. Саматнiцкi нерухома сядзеў ля акна, нiбы драўляны iдал. Зянон зайшоў у хату, спынiўся i доўга глядзеў на гаспадара, нарэшце, каб абудзiць яго, госць папытаўся голасна:
- Як маешся, пане Саматнiцкi?
I той раптоўна, нiбы сон адагнаўшы, ускочыў з месца i прамовiў:
- Дзякуй, што мяне наведаў. Я не прывiтаў такога добрага госця, бо быў у гэты час вельмi далёка.
- Пэўна, дзесьцi ў далёкай мiнуласцi, прыемна сяды-тады той край думкаю адведаць.
- Праўда, тут горш, але там, дзе быў, мiнулае i сучаснасць заўсёды аднастайныя: Адэля са спакойным тварам, з мiлаю ўсмешкаю бавiцца ў сябрыне вясёлых гасцей - гэты расказвае ёй, што чуў, той - шту прачытаў, якi новы твор выйшаў з друку, пра знакамiтых пiсьменнiкаў, пра лiтаратурную славу, як круцiцца то сюды, то туды Кола Фартуны, шту дзеецца ў вялiкiм свеце. I нiхто там пра мяне не ўспомнiў, i Адэля, размаўляючы то з гэтым, то з тым, пра мяне - нi слоўца.
- Гэта звычайная рэч: час сцiрае надпiсы на цвёрдым мармуры, а людскую памяць лёгкi ветрык развее, малая хмарка заслонiць.
- I я гэтага хацеў, ды лiчыў, што ў далёкiх краях новыя мясцiны, маляўнiчыя краявiды ды выпрабаваннi зменяць мае думкi i жаданнi: пабываў у стэпах, бачыў цуды, узiраўся ў таямнiцы прыроды, - аднак хмары i стэпавыя вятры не развеялi, не засланiлi маiх успамiнаў.
- Ты не перамянiў сваiх пачуццяў, але, пэўна, скарыстаў розныя адкрыццi гэтага краю, якi раней не ведаў; хацеў бы i я штосьцi даведацца з гэтых адкрыццяў.
- Якiя выгоды я меў тут? Бачыш, якi я цяпер? Калi я трапiў у гэты край, то ўпадабаў лагодны клiмат, разлогi ўрадлiвых нiваў, раскошу расквiтнелых садоў, ветлiвасць i дабрыню жыхароў. Аднак праз некалькi месяцаў захацелася мне болей пазнаць: я перш-наперш прагнуў пабыць ва Уманi5, пабачыць пекны Сафiеўскi сад, так услаўлены ў паэзii Трамбецкага6, бо ён у маiм уяўленнi маляваўся зямным раем; я вандрую, як звычайна, без вялiкiх выдаткаў, i напрыканцы траўня пабачыў ужо разлеглыя стэпы Ўкраiны. Знаёмячыся з вулiцамi горада Уманi, я згадваў пра тыя страшныя зверствы, якiя чынiлiся тут у часе нападу гайдамакаў.
