Шукаючы сад, я даведаўся ад тамтэйшых жыхароў да яго дарогу i пайшоў туды праз высокую браму прыгожай архiтэктуры, заўважыў сажалку, якая з двух бакоў была закрытая гарыстаю мясцовасцю, лясным гушчаром i зiхацела ў цiшы, нiбы люстра. Паўзiраўшыся на статуi з белага мармуру, што стаяць ля вады, я пайшоў правым бокам далей, любуючыся шторазу новымi краявiдамi; прыемна глядзець на расквiтнелую ўвесну прыроду, а тым больш, калi яе мастацтвам, стараннем i выдаткамi даводзяць да iдэальнае прыгажосцi; там усё ў той час вабiць чалавечае вока. Бачыў высечаныя ў дзiкiх, зарослых лесам скалах гроты, бачыў гаманкiя крыштальныя воды на iмшыстым дзiкiм каменнi, бачыў аграмадны гранiт, што ледзь трымаецца на абломках скалы, палохаючы людзей, бачыў у чыстай крынiцы рыбу, якая зiхацела золатам i срэбрам. Там лугi i ўзгоркi ўкрыты прыгожымi кветкамi, у кустах чуваць пошчак салаўёў, бачыў там чароўны палац Псiхеi ды прыгожы востраў багiнi Калiпсы; там сустрэнеш усё, што толькi можа стварыць уяўленне паэтаў.

Самотны, блукаў я па зацiшках гэтага саду. Дзень быў ясны, i ўсё квiтнела, нiбы ў раi, толькi мае думкi ахапiла скруха. Будучае i мiнулае, быццам дзве чорныя хмары, вiселi перада мною i за мною, нейкае журботнае прадчуванне ўпляталася ў мае мары; я хацеў бачыць толькi цярноўнiк, лiчачы, што на адно толькi тое i нарадзiла яго прырода, каб я спыняў на iм свой позiрк праз усю пiлiгрымку майго жыцця.

Сказаўшы гэта, Саматнiцкi замоўк, i здавалася, зноў здранцвеў: знерухомела ягоная постаць, i на твары, быццам драўляным, не было анiякага руху. Зянон, не бачачы прыкметаў жыцця, пазiраў на яго з трывогаю; нейкi час яшчэ доўжылася маўчанне, нарэшце, нiбы абудзiўшыся з летаргiчнага сну, той пачаў зноў апавядаць:



6 из 22