
Ёсць за некалькi мiляў ад Уманi i за некалькi вёрстаў ад мястэчка Тэплiка яшчэ адзiн сад - Гайнароўскi, як назвалi яго тутэйшыя жыхары. Заснавальнiк гэтага саду, пан Гайнар, пасялiўшыся ва ўкраiнскiх стэпах, iнакш глядзеў на свет. Iдучы праз панурую пустыню жыцця, не марыў ён нi пра залаты век, нi пра рай на зямлi, не збiраўся нiкога здзiвiць чароўным краявiдам, не дбаў пра славу; iншыя ў яго былi думкi, iншая мэта.
Вандруючы там i чуючы няраз жарты, розныя меркаваннi i дзiўныя апавяданнi пра той сад, я наважыў паглядзець усё ўласнымi вачыма, пазнаёмiцца з гаспадаром i зразумець ягоныя думкi.
Сярод стэпу вiдаць каля вады высокiя дрэвы адзiнокага хутара; наблiзiўшыся да гэтае мясцiны, я не заўважыў анiякае агароджы, не спаткаў анiводнага чалавека, нават сабака не абазваўся каля самотнае хацiны, а ў цянi садовых дрэваў паўсюль панавала цiша, толькi часам шумелi кранутыя ветрам галiны. Ля самага ўваходу, у вiшняку я заўважыў некалькi пчалiных калод, каля iх адпачываў у засенi дрэваў нейкi чалавек, побач на траве сядзеў хлопец: заўважыўшы мяне, ён адразу ж разбудзiў гаспадара. Быў той ужо ў гадах, апрануты ў белую палатняную вопратку, худы, твар шчуплы, смуглы; з-пад густых броваў пранiклiвым вокам ён пазiраў на мяне; падышоўшы да яго, я папрасiў дазволу агледзець сад i пазнаёмiцца з мясцовасцю.
- Мой сад, - сказаў ён, - нагадвае дзiкi лясны гушчар, тут анiводзiн краявiд не прывабiць вока.
- Наследаванне прыродзе, - адказаў я, - больш слаўны занятак, чым усялякiя вытанчаныя аздобы.
- Пра iх я зусiм не думаў, у мяне iншыя намеры.
- Значна больш можа быць карысцi ад таго, што абвесцiць Вышэйшая думка i Вышэйшае iмкненне, чым наследаванне чаго-небудзь. Я, упершыню наведаўшы гэты край, хацеў бы запомнiць тое, што не сустрэнеш у iншых мясцiнах.
