- Быў я далёка, але i там спаткаў ля кветак калючы цярноўнiк. Аднак вярнуся да свайго апавядання. Прысеўшы i абапёршыся рукою на дзiкую скалу, я аддаўся сваiм тужлiвым мроям; раптам нейкi жыд з сухiм, панурым, змучаным тварам, худы, у доўгай вопратцы, наблiжаючыся да мяне, сказаў:

- Я - музыка, без iнструмента граю на габоi; падарожнiчаў па многiх краiнах, i ўсюды маё гранне прымалi з вялiкiм захапленнем. Можа, пан дазволiць зайграць яму што-небудзь?

- Грай, што табе падабаецца, - адказваю.

Ён скрывiў вусны, прыцiснуў праваю рукою надзьмутыя грудзi, па твары прабеглi канвульсiўныя дрыжыкi - зайграў нейкi жалобны марш. Слухаючы гэтую журботную музыку i гледзячы на канвульсii твару i на ягоныя грудзi, я не мог заставацца абыякавым: аддзячыў як мог i папрасiў, каб не граў болей, не падрываў сваё здароўе; ён узяў плату, аднак зiрнуў на мяне так, быццам быў пакрыўджаны.

- Ты ведаеш лепш за мяне гэты сад, - кажу, - цi ёсць тут кусты цярноўнiку?

- Навошта шукаць кусты цярноўнiку, - адказвае, - глянь уверх, над галавою расце велiзарнае дрэва.

Я ўзняў вочы ўверх i ўбачыў высокую акацыю з вялiкiмi вострымi калючкамi; я хацеў яму нешта сказаць, але ўжо музыкi каля мяне не было.

Нейкi час я яшчэ блукаў па садзе, забiраўся ў цёмныя гроты, узiраўся ў струменi вады, у дзiкiя гранiты, у мармуровыя статуi; нечакана пачало цямнець, зашумеў вецер у гушчары дубоў; убачыўшы на небе хмары, я паспяшаўся вярнуцца ў горад.

Зяноне, людзi рознымi шляхамi iдуць да Вечнасцi, але пра ўсё, што бачылi i перажылi на гэтай зямлi, пра свае забавы, мары, пра шчаслiвыя ды нешчаслiвыя сны, якiя мроiлiся iм у падарожжы таго жыцця, яны расказваюць наступным пакаленням.

Заснавальнiк Сафiеўскага саду, валодаючы велiзарнымi маёнткамi, мiльёнамi лiчачы свае скарбы, не ведаючы пакутаў жабрацтва, не думаючы нi пра што iншае, як толькi пра прыемныя забавы, хацеў гэты сад з яго крышталёвымi водамi i квяцiстымi далiнамi зрабiць пенатамi грэцкiх багiняў; i гэта сталася сярод разлеглых стэпаў Украiны, дзе раней воку не было за што зачапiцца.



7 из 22