У Наваполацку я засьпеў апошнiя "зорныя" гады лiтаб'яднаньня "Крынiцы", якое пад кiраўнiцтвам Уладзiмiра Арлова працавала пры гарадзкой газэце "Химик". Падчас навучаньня ў Менску я наведваў розныя лiтаратурныя хаўрусы, таму магу праўдзiва засьведчыць - лепшага лiтаб'яданьня ў сталiцы не было. Арлоў, на пасадзе "адмiнiстратара" наваполацкага лiтаратурнага жыцьця, дэманстраваў неверагодныя здольнасьцi. Кожнае мерапрыемства, што ладзiлася пад шыльдаю "Крынiцаў", ператваралася ў нешта значнае, важкае, аўтарытэтнае - цi то выступ перад навучэнцамi ПТУ, цi то ўдзел у археалягiчных раскопах у Полацку, цi то звычайнае пасяджэньне "крынiчанаў". Бадай, на кожнае пасяджэньне прыяжджаў iншагароднi госьць, вiталi i прымалi ўсiх - ад клясыкаў беларускай лiтаратуры (Янка Брыль, Рыгор Барадулiн) да "зялёных" пачаткоўцаў з усiх куткоў Беларусi. Прыяжджалi таксама мастакi, рэжысэры тэатру, акторы, навукоўцы, гiсторыкi i г.д. Карацей, культурнае жыцьцё ў горадзе бруiла шчодрай, нястомнай крынiцай. Пашчасьцiла мне i з часам. У Наваполацак я патрапiў у самы вясёлы, аптымiстычны i спрыяльны для творчасьцi пэрыяд пачатак перабудовы, калi кантроль з боку КДБ за нацыянальна-культурным жыцьцём у рэспублiцы пачаў слабець. Сяржук Сокалаў-Воюш вольна сьпяваў свае касiнерскiя песьнi па школах i працоўных калектывах. На галоўнай плошчы горада наладжвалiся шматлюдныя палiтычныя i экалягiчныя мiтынгi. А створаны ў Наваполацку перадвыбарчы блёк "Дэмакратычны форум" атрымлiваў перамогу за перамогай ("крынiчанiн" Лявон Баршчэўскi нават выйграў парлямэнцкiя выбары).



2 из 4