Уладзiмiр Арлоў пасьпяваў паўсюль i ўсё больш ператвараўся ў грамадзкага дзеяча. Памятаю, як у лiстападзе 1988 году ў наваполацкай краме "Дом кнiгi" была наладжана прэзэнтацыя другога зборнiку прозу Арлова "Дзень, калi ўпала страла". Вёў прэзэнтацыю Навум Гальпяровiч. Як прынята на такiх мерапрыемствах, вядучы прадставiў аўтара, некалькi слоў сказаў пра новую кнiгу i даў слова герою сустрэчы. Нечакана для вядучага (зразумела, i для слухачоў) Арлоў у сваiм эмацыянальным выступленьнi амаль не крануў тэму лiтаратуры пiсьменьнiк пачаў распавядаць пра ўтварэньне ў Менску "Мартыралёгу Беларусi" i заснаваньне Народнага фронту... Ня ведаю, цi паўстаў пасьля той прэзэнтацыi якi-небудзь скандал, але розгалас у горадзе стаяў. Сваю другую кнiгу Арлоў мне падпiсаў наступным чынам: "Тацяне, Алесю i Антону ў трывожную восень 1988 г. з вераю i надзеяй, што Беларусь будзе жыць". Майму Антосю на той час было ўсяго 10 дзён.

Мне цяжка дакладна вызначыць, якiм чынам адбiвалася грамадзкая дзейнасьць Арлова на яго творчасьцi. Але, вiдавочна, уплыў быў моцны. Нехта сьцвярджае (напрыклад, Глёбус), што грамадзка-палiтычнае адбiлася на творчасьцi празаiка адмоўна. Iншыя кажуць адваротнае: маўляў, грамадзкае сталася для пiсьменьнiка творчым палiвам, своеасаблiвым каталiзатарам. Пакiнем гэтае пытаньне лiтаратуразнаўцам.

Напрыканцы 1980-х Арлоў канчаткова вырашыў перабрацца ў эпiцэнтар культурнага i палiтычнага жыцьця Беларусi - у Менск. Спачатку ён зьехаў адзiн, а калi вырашылася пытаньне з жытлом, забраў сям'ю. 8 лютага 1990 году ў наваполацкай кватэры пiсьменьнiка адбыўся вечар-праводзiны Арловых у сталiцу. Сабраўся ўвесь прыдзьвiнскi бамонд. З гэтага ад'езду й пачаўся працэс культурнага заняпаду Наваполацку. Хутка стала вiдавочным, што менавiта Арлоў быў той восьсю, вакол якой круцiлася тутэйшае лiтаратурна-мастацкае жыцьцё. Замены яму не знайшлося. Неўзабаве наваполацкiя пiсьменьнiкi пачалi раз'яжджацца па ўсiм сьвеце. З творчых людзей, якiя прысутнiчалi на згаданых праводзiнах сям'i Арловых, засталiся на Полаччыне толькi я, мастачка Тацяна Козiк, журналiстка Ларыса Малашэня i пiсьменьнiца Iрына Жарнасек. Вiнцэсь Мудроў на той час знаходзiўся на расейскай Поўначы, куды зьехаў па ўласным жаданьнi разам з Алегам Мiнкiным у заробкi.



3 из 4