Ёна адкрыў свае думкi Луiзе, але i ў яе былi свае клопаты - двое старэйшыя хутка раслi, i дзiцячы пакой iм рабiўся ўжо цесны. Яна прапанавала перавесцi дзяцей у вялiкую залу, а iх ложкi адсланiць шырмай. Малодшага тады можна будзе размясцiць у маленькiм пакоi. Тэлефон там будзiць яго не будзе, дый месца малы нiякага не зойме, так што Ёна можа зрабiць сабе ў гэтым пакоi майстэрню. А зала ўдзень будзе служыць пад прыёмы гасцей. Ёна зможа выходзiць да iх на час, а пасля вяртацца да працы. I нараканняў гэта сустрэць не павiнна - сябры ж разумеюць, як патрэбна яму адзiнота. Апроч таго, неабходнасць трошкi раней класцi старэйшых дзяцей спаць пакароцiць вячэрнiя вiзiты. "Выдатна", - пасля некаторага разважання ўхвалiў Ёна. "I ўрэшце, - сказала Луiза, - калi твае сябры будуць адыходзiць раней, у нас будзе трошкi больш часу, каб пабыць сам-насам". Ёна раптам зiрнуў на жонку. Цень смутку прамiльгнуў па Луiзiным твары. Усхваляваны, ён прыцягнуў яе да сябе, пацалаваў i пяшчотна сцiснуў у абдымках. Луiза прытулiлася да мужа, i яны зноў адчулi сябе такiмi ж шчаслiвымi, якiмi былi на пачатку свайго сямейнага жыцця. Але Луiза схамянулася: мабыць, гэты пакой будзе Ёну занадта маленькi? Яна схапiла складаны метр, i неўзабаве яны выявiлi, што з прычыны вечнага нагрувашчвання Ёнавых карцiн i вучнёўскiх палотнаў (якiх, дарэчы, заўсёды было намнога больш) прастора, на якой яму звычайна даводзiлася працаваць, не намнога перавышала тую, што адводзiлася яму цяпер. Ёна без адкладу ўзяўся за перасяленне.

На шчасце, яго вядомасць узрастала тым больш, чым менш ён працаваў. Кожнай яго выставы чакалi, i ўслаўлялi яе ўжо загадзя. Праўда, некаторыя нешматлiкiя крытыкi, сярод якiх былi i два частыя наведнiкi Ёнавай майстэрнi, прыцiшалi гарачую зачараванасць сваiх справаздач рэдкiмi заўвагамi. Але абурэнне вучняў з лiшкам кампенсоўвала гэту маленькую непрыемнасць.



14 из 31