
Як бы там нi было, карцiны па-ранейшаму падабалiся публiцы, i пасля чарговай паспяховай выставы гандляр сам прапанаваў Ёну павялiчыць заробак. Ёна згадзiўся i шчыра яму падзякаваў. "Паслухаеш вас, - сказаў гандляр, - дык можна падумаць, што вы сапраўды яшчэ надаяце нейкае значэнне грошам". Такая прастадушнасць пакарыла Ёнава сэрца. Аднак калi ён папрасiў дазволу выставiць дзеля дабрачыннасцi адно палатно на аукцыёне, гандляр занепакоена запытаўся, цi не iдзе тут гаворка пра дабрачыннасць, "якая дае прыбытак". Гэтага Ёна не ведаў. Тады гандляр прапанаваў сумленна прытрымлiвацца кантрактных умоў, якiя пакiдалi яму выключнае права на продаж. "Кантракт ёсць кантракт", - сказаў ён. У iх кантракце дабрачыннасцi не прадугледжвалася. "Хай будзе па-вашаму", згадзiўся мастак.
Перастаноўка ў кватэры прынесла Ёну толькi задавальненне. Цяпер ён сапраўды мог даволi часта адасабляцца, каб адказваць на тыя шматлiкiя лiсты, што яму слалi. Праз сваю далiкатнасць ён быў проста няздольны пакiнуць iх без адказу. У адных лiстах гаворка iшла пра Ёнаву творчасць, у другiх - i такiх было больш - пра асобу аўтара, якi або хацеў, каб яго падтрымалi ў яго мастацкiм пачынаннi, або проста звяртаўся па параду цi фiнансавую дапамогу. Ёнава iмя пачало часта мiльгаць на старонках газет, i з гэтай прычыны ён, як i ўсе ў падобных выпадках, адчуў, што павiнен таксама выступаць у друку з абвяржэннямi некаторых абуральных выпадаў.
