"Прынамсi, тут з вамi можна трошкi пабачыцца, каб нiхто не замiнаў", казалi тыя, хто заходзiў. "Ваша праўда, - расчулена пагаджаўся Ёна, - апошнiм часам мы з вамi амаль зусiм не бачымся". Ён адчуваў, што такое становiшча расчароўвае сяброў, i гэта яго засмучала. Бо нярэдка мiж iмi былi i тыя, з кiм сустракацца яму было б прыемна. Але яму бракавала часу, ён не мог дазволiць сабе ўсяго, чаго хацеў. I гэта адбiвалася на яго рэпутацыi. Пра яго пачалi казаць: "Спазнаўшы поспех, ён заганарыўся. Ён ужо нiкога не заўважае". Альбо: "Ён любiць толькi сябе". Не - ён любiў жывапiс, любiў Луiзу, сваiх дзяцей, Рато, яшчэ некаторых сяброў, ён наогул да ўсiх ставiўся спагадна. Але жыццё такое кароткае, час бяжыць хутка, а сiлы ў чалавека не бязмежныя. Маляваць гэты свет, маляваць людзей i жыць з iмi - справа цяжкая. З iншага боку, ён не мог нi паскардзiцца, нi растлумачыць, што яму нешта замiнае. Бо тады яго проста лопалi па плячы: "Жартуеш, шчаслiвец! Гэта плата за славу!"

Лiсты ўсё прыбывалi, вучнi не давалi нiякага продыху, да Ёны пачынаў сцякацца свецкi люд, i мастак паважаў гэтых людзей за iх захапленне жывапiсам, бо ўрэшце яны, як i ўсе, маглi б цiкавiцца англiйскай каралеўскай сям'ёй цi спаборнiцтвамi ў абжорстве. У асноўным, праўда, прыходзiлi толькi свецкiя панi, але iх манеры вызначалiся надзвычайнаю прастатой. Самi карцiн яны не куплялi - яны прыводзiлi з сабой прыяцеляў, спадзеючыся, вiдаць, што тыя купяць нешта замест iх. На жаль, вельмi часта такiя надзеi заставалiся марнымi. Затое панi дапамагалi Луiзе, асаблiва калi гасцям трэба было згатаваць гарбаты. Шклянкi перадавалiся з рук у рукi, плылi з кухнi па калiдоры ў вялiкi пакой, пасля вярталiся i нарэшце траплялi ў майстэрню, дзе ў асяроддзi сяброў i наведнiкаў, якiя якраз запаўнялi сабой увесь пакойчык, маляваў Ёна; мастак мусiў адкладаць пэндзлi i прымаў шклянку, налiтую спецыяльна яму чароўнай асобай.

Ёна пiў гарбату, разглядаў эцюд, якi ўжо паспяваў паставiць на яго мальберце руплiвы вучань, жартаваў з сябрамi, раптам прыгадаўшы, ласкава прасiў аднаго занесцi на пошту стос напiсаных уночы лiстоў, падымаў малога, якi зачапiўся за яго нагу, пазiраваў для фотаздымка, потым, пачуўшы: "Ёна!



17 из 31