
На дрот!" - лавiраваў са шклянкай i з прабачэннямi праз натоўп, якi загачваў увесь калiдор, вяртаўся, падмалёўваў куток у карцiны, спыняўся, каб адказаць чароўнай асобе, што ён, вядома ж, намалюе яе партрэт, i зноў паварочваўся да мальберта. Нейкi час ён працаваў. Але чулася зноў: "Ёна, тут па твой подпiс!" - "Што там? - пытаўся Ёна. - Паштальён?" - "Не, кашмiрскiя вязнi". "Хвiлiнку, хвiлiнку!" I Ёна бег да дзвярэй сустракаць маладога барацьбiта за людскiя правы з яго пратэстам, заклапочана пытаўся, цi не тычыцца справа палiтыкi, атрымаўшы запэўненне, што тут ён можа быць абсалютна спакойны, ставiў свой подпiс, але адначасова мусiў выслухаць папрокi, у якiх яму нагадвалася пра абавязкi, што вынiкаюць з яго прывiлеяванага становiшча, як мастака, i нарэшце вяртаўся ў пакой, дзе яго ўжо знаёмiлi з новаспечаным чэмпiёнам па боксе i драматургам нейкай замежнай дзяржавы, хоць ён так i не мог уцямiць, каторага як завуць. Пяць хвiлiн драматург марна намагаўся ўсхваляванымi позiркамi выказаць тое, што больш выразна яму не дазваляла зрабiць няведанне французскай мовы, а Ёна толькi кiваў галавой у знак сардэчнай сiмпатыi. На шчасце, гэта безвыходнае становiшча прыходзiла да развязкi дзякуючы знакамiтаму празарлiўцу, якi таксама хацеў пазнаёмiцца з вялiкiм мастаком. Зачараваны, Ёна прызнаваўся яму ў сваiх шчырых пачуццях, мацаў пачак лiстоў у кiшэнi, хапаўся за пэндзлi, наважваўся ўжо зноў узяцца за працу, але спачатку яшчэ мусiў падзякаваць за парачку толькi што падораных сетэраў, вёў iх у спальню, прымаў ад дарыльнiцы запрашэнне на сняданак, але, пачуўшы Луiзiны крыкi, зноў бег у спальню, каб на свае вочы пераканацца, што сетэры не былi навучаныя жыць у кватэры, i цягнуў iх у душавую, дзе яны вылi i не сунiмалiся нi на хвiлiну. Зрэдку, цераз галовы гасцей, Ёна лавiў Луiзiн позiрк, i яму здавалася, што яе вочы поўныя смутку.