Нарэшце дзень абарочваўся прыцемкам, некаторыя наведвальнiкi развiтвалiся, iншыя яшчэ затрымлiвалiся ў вялiкiм пакоi i замiлавана глядзелi, як Луiза кладзе дзяцей спаць, у чым ёй ласкава дапамагала элегантная паненка ў капялюшыку, якая вельмi журылася з тае прычыны, што цяпер ёй зноў трэба вяртацца ў свой двухпавярховы маёнтак, дзе жыццё здаецца зусiм не такiм утульным i цёплым, як тут.

Аднойчы ў суботу, у другой палове дня Рато прынёс Луiзе мудрагелiстую сушылку бялiзны, якую можна было б усталяваць на кухнi пад столлю. Кватэра была ўжо бiтком напакавана гасцьмi, у маленькiм пакойчыку ў цесным гурце сапраўдных знаўцаў Ёна рабiў партрэт той, што падаравала яму сабак, а побач нейкi iншы мастак маляваў самога Ёну. Як сказала Луiза, гэта быў дзяржаўны заказ. "Карцiна будзе называцца "Мастак за працай"". Рато адышоўся ў кут i пачаў назiраць за сябрам, якi, вiдаць, вельмi занурыўся ў работу. Адзiн знаўца, якi Рато раней нiколi не бачыў, нахiлiўся да яго i шапнуў: "Гляньце, якi ў яго выгляд, га!" Рато нiчога не адказаў. Але той не сунiмаўся: "Вы мастак, я таксама. Дык вось, верце мне, ён здае". - "Ужо?" - сказаў Рато. "Але. Гэта ўсё поспех. Поспеху не вытрымлiвае нiхто. Як мастак, ён ужо прапаў". - "Дык ён здае цi ўжо прапаў?" - "Калi мастак здае, ён прапаў. Гляньце - яму няма чаго маляваць. Цяпер малююць яго самога - а потым павесяць на цвiк".

Многа пазней, калi было ўжо за поўнач, Луiза, Рато i Ёна сабралiся ў спальнi. Ёна стаяў, Луiза i Рато сядзелi на ложку, усе маўчалi. Дзецi спалi, сабакi былi ў вёсцы, куды iх удалося звезцi за невялiкую плату, толькi што Луiза перамыла гару пасуды, Ёна з Рато яе перацерлi, усе былi вельмi стомленыя. Калi яны былi ў кухнi, Рато, гледзячы на стос талерак, прапанаваў: "Вазьмiце сабе пакаёўку". Але Луiза маркотна адказала: "Ды дзе ж яна тут прыткнецца?" Цяпер яны маўчалi. "Ты задаволены?" - раптам запытаўся Рато. Ёна ўсмiхнуўся, хоць выгляд у яго быў змораны.



19 из 31