Назаўтра ён паспрабаваў працаваць у калiдоры, паслязаўтра - у душы, пад электрычным святлом, яшчэ праз дзень - на кухнi. Але ўпершыню яму пачалi замiнаць людзi, якiх ён сустракаў паўсюль; яму замiналi ўсе - i тыя, каго ён амаль не ведаў, i тыя, хто быў яму блiзкi i каго ён любiў. На пэўны час ён спынiў працу i задумаўся. Каб дазваляла надвор'е, ён мог бы намаляваць што-небудзь на натуры. Але, на жаль, наблiжалася зiма, i цяпер маляваць краявiды было немагчыма, трэба было чакаць вясны. Ён усё ж паспрабаваў, але хутка адмовiўся: холад прабiраў наскрозь. Некалькi дзён ён правёў побач з палотнамi, але часцей проста сядзеў каля iх цi стаяў ля акна; ён ужо нiчога не маляваў. Тады ён зранку пачаў хадзiць у горад. Ён ставiў сабе мэту - накiдаць нейкую дэталь, дрэва, скасабочаную хату, профiль выпадковага прахожага. Але пад канец дня ў яго так нiчога i не было. Наадварот, кожная сама малая спакуса - газета, спатканне са знаёмым, вiтрына цi цеплыня ў кавярнi - усё затрымлiвала яго. Кожны вечар ён знаходзiў апраўданне свайму нячыстаму сумленню, якое мучыла яго ўвесь час. Ён будзе маляваць, вядома, будзе, i нават лепш, як раней, вось толькi мiне гэты час уяўнай, вонкавай спустошанасцi. Цяпер ён працуе ўсярэдзiне, у думках, вось i ўсё, а потым - потым яго шчаслiвая зорка ўзыдзе зноў i зазiхацiць новым i чыстым бляскам. Тым часам ён ужо амаль не пакiдаў кавярань. Ён заўважыў, што алкаголь выклiкае ў яго такi самы душэўны ўздым, якi ён адчуваў у днi сваёй плённай працы, у тыя днi, калi ён думаў над сваiмi карцiнамi з вялiкаю цеплынёй i замiлаваннем, параўнальным адно з яго любоўю да дзяцей. Пасля другой чаркi каньяку да яго вярталася гэта пранiклiвае хваляванне, i ён адчуваў сябе адначасова гаспадаром сусвету i яго слугой. На жаль, ён цешыўся гэтым пачуццём, склаўшы рукi, яно праходзiла марна, не ўвасабляючыся ў мастацкi твор. Але менавiта яно больш за ўсё наблiжалася да творчай радасцi, якая складала ўвесь сэнс яго жыцця, i цяпер ён доўгiмi гадзiнамi сядзеў у пракураных дымам i шумных закутках i аддаваўся марам.



24 из 31