Але ён цураўся тых кварталаў i кавярань, дзе можна было напаткаць мастакоў. Калi ж ён сустракаў знаёмага, якi пачынаў з iм гутарыць пра яго жывапiс, яго брала панiка. Яму хацелася ўцячы, знаёмы заўважаў гэта, i тады Ёна ўцякаў. Ён ведаў, што за спiнаю ў яго кажуць: "Ён лiчыць сябе за Рэмбрандта", i гэта яшчэ больш прыгнятала яго. Так цi iнакш, на яго твары ўжо не было ўсмешкi, i яго былыя сябры зрабiлi з гэтага дзiўную, але непазбежную выснову: "Калi ён не ўсмiхаецца, значыць, ён задаволены сабой". Ведаючы гэта, Ёна ўсё больш адасабляўся, пачаў скрытнiчаць. Калi ён уваходзiў у кавярню, яму досыць было адчуць, што нехта з прысутных яго пазнаў, як усярэдзiне ў яго ўсё халадзела. Нейкую секунду ён стаяў у поўнай бяссiльнасцi, ахоплены нейкiм незразумелым сумам, i намагаўся не выдаць свайго замяшання. Але раптам у iм абуджалася неадольная патрэба ў сяброўскай падтрымцы. Ён прыгадваў добрыя вочы Рато, рэзка паварочваўся i знiкаў. Неяк, у адзiн такi момант, ён пачуў, як нехта сказаў у яго за спiнай: "Ты бачыў? Ну i пыса!"

Ён хадзiў ужо толькi ў кварталы на самай ускраiне, дзе яго нiхто не ведаў. Там ён мог гаманiць i ўсмiхацца, да яго вярталася зычлiвасць, нiхто яго не распытваў. Ён завёў некалькi малапатрабавальных прыяцеляў. I асаблiва любiў кампанiю аднаго, што працаваў гарсонам у прывакзальным буфеце, дзе Ёна часта бываў. Аднойчы той запытаўся: "А чым вы наогул займаецеся?" - "Малюю". - "Што, маляр? Цi, можа, мастак?" - "Мастак". - "Вунь як! Няпростая справа", - адказаў гарсон. Болей яны не гаманiлi пра гэта. Але, думаў Ёна, справа няпростая, ды ён выкруцiцца, вось толькi знойдзе, як уладзiць жыццё.

Дзень за днём, чарка за чаркай, ён знаёмiўся з новымi людзымi, на дапамогу прыйшлi жанчыны. З iмi ён умеў шчыра пагутарыць, перад цi пасля ложка, а галоўнае - крыху пахвалiцца. Яны разумелi яго, нават калi i не надта давалi веры. Часам яму здавалася, што былая моц зноў вяртаецца да яго.



25 из 31