Але Ёна жыў, ён слухаў цiшыню, што панавала ў iм, i чакаў. Ёна чакаў сваю шчаслiвую зорку, якая, яшчэ недзе схаваная, была ўжо гатовая ўзысцi зноў, узнiкнуць раптам ва ўсiм сваiм непарушным харастве i зазiхацець над марнасцю пражытых дзён. "Свяцi, свяцi, - казаў ён, - не пазбаўляй мяне свайго святла". Яна заззяе зноў, ён быў упэўнены ў гэтым. Але раней - трэба было яшчэ доўга i шмат разважаць: на шчасце, цяпер ён мог быць адзiн, не адасабляючыся ад блiзкiх. Яму трэба было нарэшце ўразумець тое, чаго ён ясна яшчэ не ўсведамляў, хоць заўжды адчуваў i заўжды маляваў так, нiбы яно было яму добра вядома. Ён павiнен быў нарэшце авалодаць гэтаю таямнiцай, бо яна, Ёна ведаў гэта, тычылася не толькi мастацтва. I таму ён не запальваў газнiцы.

Цяпер кожны дзень Ёна залазiў на антрэсолi. Госцi пачалi прыходзiць радзей, бо Луiза была заўсёды занятая i не магла шмат часу трацiць на размовы. А Ёна спускаўся толькi паесцi i потым зноў лез на сваё седала. Увесь дзень ён нерухома сядзеў у прыцемку. I толькi ўначы, калi жонка ўжо была ў ложку, таксама прыходзiў спаць. Праз некалькi дзён ён папрасiў Луiзу падаць яму сняданак наверх, i яна зрабiла гэта так клапатлiва, што Ёна нават расчулiўся. На ўсякi выпадак, каб болей не турбаваць жонкi, ён параiў ёй нарыхтаваць сёе-тое з ежы - няхай яно ляжыць тут, на антрэсолях. Пацiху-патроху ён увогуле перастаў спускацца ўдзень, але i есцi амаль што не еў. Неяк увечары ён паклiкаў Луiзу i папрасiў дзве коўдры: "Я пераначую тут". Луiза зiрнула на яго, адкiнуўшы голаў назад, хацела была нешта сказаць, але змаўчала. Яна толькi ўважлiва глядзела на яго заклапочанымi i сумнымi вачыма. I раптам Ёна заўважыў, як яна пастарэла, якi глыбокi след у яе душы пакiнула iх нялёгкае жыццё. Ён падумаў тады, што нiколi па-сапраўднаму не дапамагаў ёй. Але раней, чым паспеў нешта сказаць, Луiза ўсмiхнулася - так пяшчотна, што ў Ёны зашчымела ў сэрцы. "Як хочаш, любы", - сказала яна.



28 из 31