Ён пачаў працаваць. Пасярэдзiне вышынi сцен ён збудаваў памост, i ў яго атрымалася нешта накшталт вузкiх, але глыбокiх i высокiх антрэсоляў. Адвячоркам усё было скончана. Тады Ёна стаў на лескi, ухапiўся рукамi за край памоста i некалькi разоў падцягнуўся, каб выпрабаваць трываласць сваёй канструкцыi. Потым ён далучыўся да тых, хто чакаў яго ў зале, i ўсе былi радыя зноў бачыць яго такiм сардэчным i ветлiвым, якi ён быў раней. Увечары, калi хата ўжо амаль апусцела, Ёна ўзяў газнiцу, крэсла, зэдлiк, падрамнiк i пад цiкаўнымi позiркамi дзяцей i трох жанчын падняў усё гэта на антрэсолi. "Ну вось, - прамовiў ён з вышынi свайго седала. - Цяпер я буду працаваць тут i нiкому не перашкоджу". Луiза запыталася, цi ўпэўнены ён, што зможа там нешта зрабiць. "Вядома, - адказаў Ёна. - Многа месца не трэба. Мне тут будзе вальней. Сярод вялiкiх мастакоў былi i такiя, што малявалi са свечкай, але..." - "Дошкi хаця трывалыя?" Дошкi былi трывалыя. "Супакойся, сказаў Ёна, - гэта ж выдатнае выйсце". I ён спусцiўся ўнiз.

Назаўтра, з самага ранку, ён узлез на антрэсолi, сеў, паставiў перад сабой на зэдлiку падрамнiк, абапершы яго аб сцяну, i, не запальваючы газнiцы, пачаў чакаць. Выразна да яго даходзiлi толькi гукi з кухнi ды прыбiральнi. Усё астатняе - галасы гасцей, дзвярныя i тэлефонныя званкi, шарканне ног, размовы - здавалася вельмi далёкiм i глухiм, нiбы адбывалася недзе на вулiцы цi ў суседнiм двары. I ў той час, калi ўся кватэра патанала ў бязлiтасным яркiм святле, тут панаваў заспакойвальны цень. Час ад часу пад антрэсолямi ўзнiкаў якi-небудзь Ёнаў сябар. "Ты што там, Ёна?" - пытаўся ён. "Працую". - "Без святла?" - "Так, пакуль што без". Ёна не маляваў, ён разважаў. Седзячы ў змроку i амаль што ў поўнай цiшы, якая параўнаннi з ранейшым вэрхалам здавалася спакоем магiлы цi пустэльнi, ён прыслухоўваўся да свайго сэрца. Гукi, якiя даходзiлi да памоста, цяпер ужо быццам не тычылiся яго, нават калi да яго нехта звяртаўся. Так бывае, калi самотнiк, заснуўшы ў сваiм сiратлiвым ложку, памiрае сярод ночы, а ўранку ў пустым доме пачынае назойлiва званiць тэлефон, дарэмна раздзiраючы паветра над глухiм нерухомым целам.



27 из 31