Кубатура паветра давала, зрэшты, не толькi перавагi. Яна мела ў сабе i тую загану, што ўзiмку нагрэць пакоi было цяжка, а гэта, на няшчасце, вымагала ад уладальнiкаў павелiчэння платы за апал. Улетку ж, праз вялiзныя памеры вокнаў, кватэра лiтаральна нясiлела ад спякотнага сонца: жалюзi не было. Уладальнiкi не парупiлiся iх усталяваць, збянтэжаныя, вiдаць, вышынёй вокнаў i коштам сталярных работ. Зрэшты, тую ж ролю маглi выконваць i тоўстыя шторы, кошт якiх нiякiм чынам не ўплываў на прыбытковасць, бо набываць i падвешваць iх мусiлi самi кватаранты. Трэба, аднак, зазначыць, што домаўладальнiкi не адмаўлялiся дапамагаць iм у гэтым i прадавалi па нечуваных цэнах шторы з уласных крам. Чалавекалюбства, якое яны выяўлялi праз такое сваё стаўленне да нерухомай маёмасцi, было iх сапраўднаю слабай стрункай. У будзённым жыццi гэтыя сучасныя князькi гандлявалi паркалём i аксамiтам.

Ёна быў зачараваны ўсiмi выгодамi кватэры i без нараканняў пагаджаўся з яе заганамi. "Хай будзе па-вашаму", - адказаў ён домаўладальнiку, калi той абвясцiў, якой будзе плата за апал. Што ж да штораў, дык тут Ёна цалкам падтрымлiваў Луiзу, на думку якой вокны даволi было завесiць толькi ў спальнi, а ў астатнiх пакоях можна пакiнуць i голыя. "Нам няма чаго хаваць", - казала гэта бязвiнная душа. Асаблiва вабiў Ёну сама вялiкi пакой, столь у якiм была такая высокая, што не магло быць i гаворкi, каб прыстасаваць да яго нейкую годную сiстэму асвятлення. Дзверы з лесвiцы вялi непасрэдна ў гэты пакой, а ўжо з яго па вузенькiм калiдорчыку можна было трапiць у астатнiя два, значна меншыя i сумежныя. У глыбiнi кватэры побач з кухняй месцiлiся прыбiральня i невялiчкая каморка, якая насiла гучнае iмя душавой. Яна i сапраўды магла б замянiць сабой душавую, каб толькi паставiць у ёй душ, усталяваць яго вертыкальна i згадзiцца прымаць дабратворны струмень без нiводнага руху.



7 из 31