
Надзвычай высокiя столi i цесныя пакоi надавалi гэтай кватэры выгляд дзiўнага набору амаль цалкам шкляных паралелепiпедаў, якiя з усiх бакоў складалiся толькi з вокнаў i дзвярэй, так што мэблi не было куды прыткнуцца, а людзi, якiя траплялi туды, адразу гублялiся ў пранiзлiвым яркiм святле i, нiбыта ў доследным растворы, плавалi ў гэтым пастаўленым на бок акварыуме. Апроч таго, усе вокны выходзiлi на двор, цi, дакладней, упiралiся на невялiкай адлегласцi ў вокны абсалютна такога ж суседняга будынка, за якiмi амаль адразу бачыўся яшчэ адзiн двор. "Гэта наш люстраны кабiнет", - узрадавана казаў Ёна. Паводле парады Рато спальню было вырашана размясцiць у адным з маленькiх пакояў, а другi павiнен быў прызначацца дзецям, якiя неўзабаве ўжо мелiся нарадзiцца. Вялiкая зала ўдзень служыла Ёну майстэрняй, а ўвечары i калi сям'я ела - ператваралася ў агульны пакой. Зрэшты, есцi можна было i ў кухнi, адно каб нехта - Луiза цi Ёна - згадзiўся рабiць гэта стоячы. Каб дапамагчы сябрам, Рато панавыдумляў мноства розных мудрагелiстых прыстасаванняў. Дзякуючы рассоўным дзвярам, адкiдным столiкам i раскладным крэслам яму ўдалося кампенсаваць нястачу мэблi i, адначасова, яшчэ больш павялiчыць дзiўны выгляд гэтай i без таго арыгiнальнай кватэры, ператварыўшы яе ў сапраўдны куфэрак сюрпрызаў.
Але хутка пакоi напоўнiлiся карцiнамi i дзецьмi, i перад бацькамi паўстала пiльная патрэба падумаць пра новую перастаноўку. Да нараджэння трэцяга дзiцяцi Ёна працаваў у зале, Луiза вязала ў спальнi, а двое малых займалi апошнi, трэцi пакой, пераварочвалi там усё дагары нагамi i потым, як апантаныя, насiлiся па ўсёй кватэры. Цяпер жа, калi нарадзiўся трэцi, яму было вырашана аддаць адзiн закутак у майстэрнi, якi Ёна адгарадзiў палотнамi, утварыўшы нешта накшталт шырмы. Гэта дазваляла своечасова пачуць, калi дзiця пачынае галасiць, i адразу адгукнуцца на яго поклiч. Зрэшты, Ёну праз гэта турбавацца нiколi не прыходзiлася - першая каля калыскi заўсёды была Луiза. Яна не чакала, пакуль дзiця пачне крычаць, i заходзiла ў майстэрню загадзя, прычым рабiла гэта вельмi асцярожна i абавязкова на дыбачках.
