
Усе жанчыны былi ў накiнутых на плечы шалях, канцы якiх цырымонна падтрымлiвалi рукамi. Пунсовыя, стракатыя, агнiста-яркiя - гэтыя шалi iрдзеннем сваiх фарбаў наводзiлi дзiкi пярэпалах i на чорных курэй на сметнiку, i на качак у стаўку, i на галубоў на стрэхах.
Уся навокал зелянiна, зелень травы i дрэў адразу як бы зблякла побач з такой агнiстаю чырванню, абодва колеры ў такiм непасрэдным сваiм суседстве ажно сляпiлi вочы пад скварам паўдзённага сонца.
У канцы яблыневых прысадаў стаяла, быццам у чаканнi, вялiкая ферма. З адчыненых дзвярэй i вокнаў струменiлася ледзь улоўная пара, густы пах ежы, здавалася, iшоў з усiх шчылiн, з самiх сцен прасторнай будынiны.
Ланцуг гасцей зазмяiўся цераз панадворак. Каля самага дома строй парушаўся, распадаўся, а ў вароты ўсё iшлi ды iшлi запрошаныя на вяселле. Равы абсыпалi дзецi i цiкаўная галота, стралянiна не ўцiхала, стрэлы бухалi з усiх бакоў адначасова, i ў паветры плыў парахавы дым з яго хмельным, як абсент, водарам.
Жанчыны атрэсвалi на парозе спаднiцы ад пылу, развязвалi капелюшовыя стужкi, знiмалi з плячэй шалi, перавешвалi iх цераз руку i заходзiлi ў дом, дзе збаўлялiся ад лiшнiх строяў.
Сталы стаялi ў вялiкай кухнi, дзе магло ўмясцiцца чалавек сто.
За сталы паселi а другой. А восьмай абед усё яшчэ доўжыўся. Мужчыны паскiдалi пiнжакi, парасшпiльвалi каўняры i, распараныя, расчырванелыя, як не ў сябе паглыналi нагатаванае. У вялiкiх шклянках весела зiхацеў жоўты, залацiста-светлы сiдр, у iншых цямнела чырвонае, нiбы кроў, вiно.
Перад кожнай чарговай стравай рабiлася маленькая перадышка - на тост пад чарку гарэлкi, якая падкiдала жару ў цела i дурноты ў галаву.
Час ад часу нехта з гасцей, напханы, як бочка, выходзiў да блiжэйшых дрэў, аблегчваўся i вяртаўся за стол, зноў гатовы i пiць, i есцi.
Фермеркi - пунсовыя, ацяжэлыя, з напятымi, як шары, лiфамi, перацятыя гарсэтамi, разбухлыя i зверху, i знiзу, - доўга не вылазiлi з-за стала: саромелiся. Але варта было адной, не надта баязлiвай, падняцца i выйсцi на панадворак, як следам пацягнулiся ўсе астатнiя. Вярнулiся жанчыны павесялелыя, што не магло не выклiкаць кепiкаў. I пасыпалiся грубыя жарты.
