
Па застоллi хлынулi непрыстойнасцi, i ўсе - на тэму шлюбнай ночы. Арсенал сялянскага досцiпу гэтым i вычарпаўся. Падзеi iхняга жыцця адвеку суправаджалiся нязменнымi анекдотамi, i хоць ведалi iх усе прысутныя, але i на гэты раз пры згадцы анекдотаў госцi клалiся покатам.
Варта было сiвагаловаму старому пачаць: "Каму ў Мезiдон - калi ласка, у карэту!" - як адразу грымнуў дружны рогат.
У канцы стала чатыры дзецюкi - жанiховы суседзi - вiдаць, згаварылiся пажартаваць з маладых i ўжо прыдумалi нешта цiкавае - нездарма iх так разбiраў смех.
Нарэшце, калi ўзнiкла хвiлiнка зацiшша, адзiн дзяцюк голасна сказаў:
- Сёння будзе месячная ноч, i ўжо калi-калi, а сёння браканьеры свайго не ўпусцяць! Як ты думаеш, Жан? Але сёння табе, вядома, не да месяца будзе.
Жанiх крута абярнуўся на голас.
- Хай толькi паткнуцца сюды тыя браканьеры!
- А што, запраста могуць прыйсцi, - засмяяўся другi дзяцюк. - Сёння ўночы ў цябе будзе другi клопат!
Застолле скаланулася ад рогату - аж падлога задрыжала, аж зазвiнелi шклянкi.
Пры думцы, што нехта можа пакарыстацца вяселлем i пабраканьернiчаць на яго зямлi, Жан прыйшоў у шаленства:
- А вось хай толькi паткнуцца, кажу табе!
Зноў пасыпалiся жартачкi, якiя змусiлi пачырванець нявесту, i без гэтага ўсхваляваную трапятлiвым чаканнем.
Нарэшце бочкi гарэлкi былi асушаны i госцi паразыходзiлiся. Маладыя пайшлi ў спальню, размешчаную, як i ўсе iншыя пакоi, на першым паверсе. Было душнавата, i яны не сталi зачыняць акно, толькi стулiлi аканiцы. На камодзе гарэла невялiкая безгустоўная лямпа - цясцёў падарунак; пасланы ложак быў гатоў прыняць новую пару, якая за ўвесь цырыманiял сельскiх буржуа не абмянялася нiводным пацалункам.
