
Разалi ўжо зняла капялюшык i сукенку i цяпер у адной нiжняй спаднiцы расшнуроўвала чаравiкi, а Жан дапальваў цыгарэту i краем вока паглядваў на сваю маладую жонку.
Ён цiкаваў за ёю, i яго агнёвыя вочы хутчэй выдавалi пажадлiвасць, чым пяшчоту: ён не гэтак кахаў дзяўчыну, як жадаў яе. I рашуча, рэзкiм рухам мужыка, якi гатовы ўзяцца за работу, Жан сцягнуў з сябе кашулю.
Разалi скiнула чаравiкi i ўзялася за панчохi.
- Марш за полаг, пачакай там, пакуль я лягу, - сказала яна.
Яны ведалiся з маленства i былi на "ты".
Жан для прылiку заўпарцiўся, потым, хiтравата пасмейваючыся, пайшоў i схаваўся за полаг, аднак вытыркнуў галаву. Разалi рассмяялася i пачала засланяць яму вочы, Жан не даваўся - у любоўнай, жыццярадаснай забаве маладых не было i знаку сораму цi няёмкасцi.
Урэшце Жан саступiў; Разалi ўмомант расшмаргнула завязку ў сваёй апошняй спаднiцы - тая слiзганула па клубах, зляцела да ступняў i колам прыпала да падлогi. Разалi не стала падымаць яе, толькi адкiнула нагой убок i ў адной танюткай кашулi кульнулася ў ложак, спружыны якога тут жа азвалiся рыпам пад яе цяжарам.
Каля ложка адразу з'явiўся Жан, таксама ўжо разуты i раздзеты, нахiлiўся да жонкi i стаў шукаць яе вусны, а Разалi хавала твар у падушку, i раптам данёсся далёкi стрэл - ад лесу Рапэ, як падалося Жану.
Ён занепакоена выпрастаўся, з зашчымелым сэрцам падбег да акна i расчынiў аканiцы.
Сядзiба была залiта жоўтым ззяннем поўнi. Толькi пад яблынямi ляжалi густыя плямы ценю. Воддаль залацiста свяцiлася поле спелай пшанiцы.
Жан высунуўся з акна, выцiкоўваючы кожны начны шолах, але тут аголеныя рукi абвiлi яму шыю, i Разалi, адцягваючы мужа назад, прашаптала:
- Ды кiнь ты, што табе да гэтага! Хадзем!..
Ён абярнуўся, абняў яе, скрозь далiкатную тканiну адчуў усё яе трапяткое цела, лёгка падхапiў жонку на рукi i панёс на пасцель.
Але ў той момант, як ён паклаў яе на ложак - той угнуўся ад цяжару, грымнуў другi стрэл, на гэты раз блiжэй.
