Усё тут для мяне цiкава, прывабна. I я гадзiнамi нястомна хаджу па горадзе, знаёмлюся з яго даўнiнай i навiнкамi, блукаю мiж людзей, слухаючы iх гаману, - набiраюся ўражанняў, адпачываю, думаю. Нiкога, нi адну асобу i ўстанову, я не патурбаваў сваiм прыездам. Калi хто i ведае сёе-тое пра мяне, дык гэта адна рэгiстратура гасцiнiцы. Так. I таму дзiўна, што знайшоўся чалавек, якi нешта да мяне мае. Хто ж ён, гэты чалавек?

Ля скрынi сакоўных рагулiстых груш, за якой свяцiўся малiнавы тварык маладзiцы, я прыпынiўся, паставiў сваю сетку з пакупкамi на столiк.

- Што гэта за гатунак вашых дзiвосаў, як называюцца? - паказаў я на грушы.

Маладзiца ветлiва ўсмiхнулася i ўзнялася з лаўкi.

- Добры гатунак, дзядзячко, гета мой чалавек сам вывеў, - зазвiнеў яе тонкi каларытны голас. - Назвы як бы й няма, жартам у нашым сэле iх празвалi проста валяр'янкамi.

- Чаму жартам? - не зразумеў я. - I чаму валяр'янкамi?

Маладзiца сарамлiва апусцiла вочы.

- Мой чалавек - Валяр'ян, ось i прыклалi людзi.

- Што ж, добра прыклалi. Валяр'янкi! I, мусiць, яны нiшто сабе?

- Дабрэнныя, смачненныя, дзядзячко. Пакаштуйце, коб ведалi. Увесь рынак абыдзеце - лепшых дулек не знайсцi.

- Ну, так ужо i не знайсцi, - запярэчыў я i, вяртаючыся да думкi пра незнаёмага спадарожнiка, якi недзе стаяў за маёй спiнай, прамовiў як найгучней: - Не, сёння на рынку выбар самы багаты - вунь колькi ўсяго навалена!

Упэўнены, што мае словы, сказаныя маладзiцы, дайшлi i да болей важнага адрасата, я спакойна, як i выпадала па такой прычыне, i рукой павёў, i паглядзеў навокал сябе.

Твар мужчыны-спадарожнiка мне больш-менш удалося разгледзець i занатаваць у сваёй памяцi. Гэта быў твар пажылога чалавека, i сапраўды цыганскага тыпу - смуглы, як бы засмяглы, з тонкiмi прыгожымi абрысамi i чарнатой густых вусоў i броваў. Яшчэ мне запрыкмецiлiся яго кучары, няхай ужо не надта пышныя, а ўсё ж па-цыганску зухаватыя пад лёгкай, набок ускiнутай кепкай. Вачамi мы не сустрэлiся адзiн з адным, але я заўважыў, што яго позiрк быў скiраваны на маю сетку, i гэта, сказаць па праўдзе, здзiвiла мяне.



2 из 11