
Чым яго магла зацiкавiць просценькая, з сям-там парванымi вочкамi мая сетка, у якой, апрача кiлаграма яблыкаў i чатырох кнiжак, купленых нядаўна, болей нiчога не было? Разгадваючы гэту смешную таямнiцу, я ў той жа час падумаў, што мушу нешта рабiць, што няма чаго стаяць пень пнём пад позiркамi дзвюх пар вачэй.
- Адважце, цётачка Валяр'янiха, кiло сваiх лекаў, - папрасiў я маладзiцу i, каб аслабанiць месца для груш, выняў з сеткi кнiгi.
Выняў i адразу зразумеў, што цiкавiла, што вяло за мной незнаёмага спадарожнiка: кнiга, самая верхняя кнiга! Удала аформленая мастаком, яна сапраўды была вельмi прыкметная на выгляд. Цёмнае, таемна-загадкавае неба, усеянае зоркамi i сузор'ямi, нiбыта iскрамi ад вогнiшча, густы каляровы пояс, падобны Млечнаму Шляху, ярка выпiсаныя словы назвы - кнiга з такой вокладкай не магла не вабiць кожнага, асаблiва ж чалавека, якому ўсё гэта да болю блiзкае i дарагое.
- Слухай, бацю, дзе ты купiў гету кнiгу? - пачуўся з-за майго пляча ўсхваляваны голас, i адначасова я ўбачыў, як плюскатыя пальцы вузлаватай рукi дрыготка дакранулiся да зiхатлiвай вокладкi. - Даруй, што чапляюся, толькi скажы мне.
Трымаючы распасцёртай сетку, у якую Валяр'янiха перасыпала грушы, я галавой кiўнуў у адзiн з куткоў рыначнага двара:
- Вось там, за паветкамi, крамка культтавараў, там купiў. Бачыце сiняваты павiльёнчык?
Мой спадарожнiк не адказаў i больш нiчога не спытаў. Ён так паспешлiва знiк, што я, прызнацца, аж засмуцiўся. Шкада было: надта ж раптоўна абарвалася сустрэча з цiкавым чалавекам. З iм хацелася пагутарыць, блiжэй пазнаёмiцца. Але што зробiш, калi ён памчаўся. Не бегчы ж следам за iм, тым больш што да яго, як я прыкмецiў, адразу па дарозе ў крамку далучылiся юнак у саламяным капелюшы i двое мужчын - цэлая кампанiя прыяцеляў.
