Шырокi панадворак, мноства i новых i адных i тых жа вырабаў у розных месцах - усё абышоў я, усё агледзеў, i калi налюбаваўся, нацешыўся з таго, што пабачыў, павярнуў назад, да тых самаробак, якiя загадзя былi ўзяты на прыкметку. Хацелася прыдбаць сякiя-такiя чароўныя дробязi - на ўспамiн, дзеля зберажэння зазнанай цеплынi.

Я купiў мiнiяцюрную бярозавую статуэтку Лявонiхi-скакухi, саламяную фотарамку-пляцёнку, лёгкую, як пушынка, з цавейцам-шчупачком грушавую лыжку i даволi пагляднага, з пацешным голасам-курлыканнем глiнянага жорава. Купiў, развiтальна аглянуўся на краiну рамяства i пашыбаваў ад яе, прыгадваючы свой пакойчык у гасцiнiцы.

На цэнтральным праездзе рынку прыпынiўся на хвiлiну. Трэба было прыкiнуць-вырашыць, куды лепей, дакладней, куды цiкавей iсцi.

Рынак меў двое варот. Яны размяшчалiся адны супраць адных i выходзiлi на розныя, хоць i паралельныя, як мне казалi, вулiцы. Адну з гэтых вулiц я ўжо ведаў - iшоў па ёй сюды. Хацелася прайсцiся, дзе не быў, па незнаёмай вулiцы, i я скiраваў да яе.

Жывая ручаiна праезда падхапiла мяне i панесла сваёй грукатлiва-шумнаватай плынню. Ляскаталi колы фурманак i ручных тачак, шаргацела i дзугалася зямля пад нагамi пешаходаў. Гамана ж людская чулася мала, ды i прыглушана; тут, дзе заклапочана спяшалiся хто на рынак, а хто з рынку, усё жыло найболей рухам, засяроджанай iмклiвасцю.

Я ўжо быў паблiзу варот, калi раптам прыкмецiў ля iх юнака, якi паводзiў сябе даволi дзiўна. Стоячы на нейкiм узвышэннi, ён пазiраў то на людскую плынь (нiбыта ў мой бок), то некуды ў далячынь праезда i ўзмахваў саламяным капелюшом. "Дык гэта ж той, што быў з Марко, - прамiльгнула ў мяне думка. - I што гэта за знакi ён некаму падае?" Я прыпынiўся i паглядзеў назад - усцяж усёй цэнтральнай дарожкi. I, на здзiўленне сабе, пабачыў, што ля супрацьлеглых варот рынку таксама нехта раз-другi ўзмахнуў шапкай.



8 из 11