
Каля драўляных дзiвосаў гаспадарылi невысокi, але статны дзядок i кабета маладога веку. Дзядок быў негаваркi: скажа адно-два словы i маўчыць, трымаючы сябе спакойна i спаважна. Затое яго памочнiца, па аблiччы нiбыта дачка, завiхалася як найстаранней: жвава шчабятала з пакупнiкамi, увiшна рахавала з iмi.
Цiкава было паназiраць за дзядком i кабетай, за iх гаспадаркай, слухаць пра бочкi-кубельцы гаману, але па суседству - новыя вiдовiшчы, i да iх клiкалi, прываблiвалi новыя галасы.
- Купляйце печкi зялезныя!
- Каму драцяныя клеткi, каму акварыумы?
- Свойскiя блешнi - налятайце спешна!
Звiнеў i гудзеў метал, галёкалi заклапочаныя прадаўцы.
Вырабаў з жалеза - i значных, i дробязных - было шмат, i падзiвiцца ды пазахапляцца тут таксама было з чаго. Пераходзячы з месца на месца, я дапытлiва разглядаў ледзь не кожную рэч, сям-там заводзiў размову, нават прыцэньваўся дзеля цiкавасцi.
- Лазовыя кошыкi - за невялiкiя грошыкi! Гэ, яшчэ адзiн адметны закутак! Толькi ўжо тут - майстрункi з лазы i лубу, чароту i саломкi. I не адны кошыкi цi кашолкi, а i дарожкi для падлогi, маты аконныя, рамкi для карцiн i фотакартак, капелюшы - адным словам, цэлае раздолле плеценых самаробкаў. Раптоўна напатканыя, яны ў той жа час не здалiся мне неспадзяванкамi, а як бы прынялi мяне ў сваё атачэнне звыкла i па-свойску, так, нiбыта мы даўно знаёмыя i разам трапiлi ў гэты кiрмашовы вiр з ваколiц не то Пiнска, не то маёй роднай магiлеўскай вёскi.
- Тканне i вязанне, вышыўкi!
Навiнкi - адна за адной. I прытыкам у шарэнгах i густымi астраўкамi на пазаддзi. Як выраблены адвольна, так i размясцiлiся дзе папала. Разнастайныя, безлiчныя, яны ўсё ж складалi i нешта адзiнае, стваралi нейкi агульны малюнак. Як i тыя людзi, што тоўпiлiся каля iх, ды i па ўсiм рынку, заклапочаныя сваiмi патрэбамi. Самое жыццё як бы сабралася тут з цэлага краю, пярэстае, шматплыннае, сабралася i, гамонячы галасамi Валяр'янiх i Маркоў, Марыль i Iванаў, усiх вясёлых i сумных, паказвае наросхрыст сваю напратку i душу.
