Тады мы вырашылi выкарыстаць праменнi. Эфект быў ашаламляльны. У зямлi ўтварылася яма; некалькi iстот засыпала зямлёй; i адразу ж iстоты зрабiлiся надзiва актыўныя. Сапраўды, можна было падумаць, што яны арганiзуюцца даволi разумна. Адны ратавалi засыпаных, другiя пабеглi па падмогу. Даволi хутка ўсе пашкоджаннi былi лiквiдаваны. Пасля мы вырашылi выкарыстоўваць нашы праменнi ў менш населеных пунктах, каб не ставiць у небяспеку гэтых iстот. Мы навучылiся змяншаць магутнасць праменняў i пачалi працаваць больш асцярожна. I толькi калi ўпэўнiлiся ў нашай методыцы, мы вырашылi пачаць першую серыю эксперыментаў.

Маёй першай мэтай было праверыць, цi знойдзе дарогу назад адна з зямных iстот, калi яе ўзяць i перанесцi з роднага мурашнiка зусiм у iншае месца. Напачатку, як я ўжо адзначыў, мы сутыкнулiся з велiзарнымi цяжкасцямi. Па-першае, iстоты памiралi ў час перанясення, па-другое, мы не ўлiчвалi таго, што яны маюць штучную скуру, ад якой яны лёгка могуць пазбавiцца. Таму, як толькi мы апускалi iх на зямлю, мы адразу гублялi iх з вачэй. Калi ж мы паспрабавалi зрываць гэтую штучную скуру i ставiць меткi непасрэдна на целе, то i тут нас чакала няўдача, бо, апынуўшыся на Зямлi, iстота тут жа набывала новую скуру.

З цягам часу мае вучнi ўсё ж навучылiся сачыць за iстотамi i трымаць iх пад кантролем. Мы высветлiлi, што ў 99 выпадках з 100 iстота вярталася менавiта туды, адкуль мы яе бралi. Я вырашыў перанесцi дзве iстоты з Хаатычнага мурашнiка ў Геаметрычны, якiя знаходзяцца далёка адзiн ад аднаго.

Праз 10 зямных дзён мой верны вучань Е.Х.-33, якi сачыў за iмi дзень i ноч, паказаў мне, як тыя вярталiся назад. Яны знайшлi дарогу дамоў, нягледзячы на тое, што мясцовасць, куды я iх апусцiў, была iм зусiм невядомая. Да таго ж абедзве iстоты былi зацятымi дамаседамi (гэта мы ведалi, бо даўно сачылi за iмi). Якiм жа чынам знайшлi яны дарогу? Я пераносiў iх так хутка, што заўважыць маршрут яны не маглi. Чым жа яны кiравалiся? Вядома, не памяццю, а нейкай спецыфiчнай якасцю, пра якую мы можам толькi гаварыць, не могучы яе вытлумачыць, бо гэта выходзiць за межы нашай уласнай псiхалогii.



16 из 21