У прыватнасцi, калi мы пачалi пераносiць людзей з аднаго месца ў другое, то спачатку не ўлiчвалi супрацiўлення гэтых iстот. Мы пераносiлi iх занадта хутка праз паветраныя слаi, якiмi акружана Зямля, i людзi задыхалiся. Мы былi вымушаныя стварыць такую ўстаноўку, усярэдзiне якой шкодныя эфекты ад хуткасцi перамяшчэння не ўспрымалiся. Праводзячы доследы па разразанню i пераносу людскiх гнёздаў, мы спачатку не ўлiчвалi канструкцыi будынкаў. I толькi ў ходзе эксперыментаў навучылiся ўтрымлiваць iх, выкарыстоўваючы моцны пучок праменняў.

Чытач знойдзе тут геаграфiчную карту той часткi зямной паверхнi, дзе мы правялi найбольш iстотныя эксперыменты. Просiм звярнуць увагу на два вялiкiя чалавечыя мурашнiкi, якiя мы назвалi: Хаатычны i Строгi. Гэтыя назвы потым былi прыняты ўсiмi астрасацыёлагамi. А мы, даючы iх, кiравалiся тым, што гэтыя мурашнiкi вельмi адрознiваюцца памiж сабой: адзiн здзiўляе строгасцю свайго плана, другi ўяўляе сабой нейкае складанае перапляценне крывых вулачак. Хаатычны i Строгi мурашнiкi аддзелены адзiн ад аднаго нейкай блiскучай лiнiяй. Мы мяркуем, што гэта мора. Самы вялiкi мурашнiк на Зямлi - Геаметрычны. Ён яшчэ больш правiльны, чым Строгi. Ад першых двух Геаметрычны аддзелены значнай блiскучай паверхняй.

ПЕРШЫЯ ДОСЛЕДЫ

Якi пункт Зямлi выбраць для эксперыментаў? Як умяшацца ў жыццё гэтых iстот, каб атрымаць ад iх неабходныя рэакцыi? Прызнаюся, я страшэнна хваляваўся, калi ўпершыню ўзяў даволi моцны апарат i пачаў рыхтавацца да эксперыментаў на Зямлi. Са мною былi мае чатыры вучнi, якiя хвалявалiся не менш, чым я. Адзiн за адным мы пачалi разглядаць праз ультратэлемiкраскоп чароўныя малюсенькiя пейзажы. Мы накiравалi наш апарат на Хаатычны мурашнiк. Знайшлi там даволi адкрытае месца, каб лепш прасачыць, што будзе пасля. Маленькiя дрэўцы паблiсквалi ад веснавога сонца, i мы бачылi,як многiя iстоты злiвалiся ў натоўп. Пасярод натоўпу, чамусьцi асобна ад астатнiх, была толькi адна асоба. Спачатку мы хацелi разгадаць гэту гульню, але гэта нам не ўдалося.



15 из 21