
Мы дрэнна разумеем падзел чалавецтва на касты. Усё ж удалося высветлiць, што адна група людзей апрацоўвае зямлю i амаль цалкам забяспечвае ўсiх ежай; другая група вырабляе адзенне або будуе гнёзды; а трэцяя група, здаецца, нiчога не робiць, апрача таго што хутка перамяшчаецца па планеце i есць. Чаму першыя дзве групы церпяць i згаджаюцца кармiць i апранаць трэцюю - гэтага мы не здолелi адгадаць.
Е.Х.-33 правёў велiзарную работу, iмкнучыся даказаць, што гэта цярпенне мае сексуальнае паходжанне. Ён устанавiў, што вечарамi, калi збiраюцца прадстаўнiкi трэцяй касты, да iх прыходзяць i працаўнiкi, каб паглядзець на паўраздетых жынчын. Такая тэорыя мне падаецца ўдалай, аднак абгрунтавана яна занадта слаба, каб да яе ставiцца сур'ёзна.
Я асабiста лiчу, што каставы падзел на Зямлi трэба тлумачыць у першую чаргу дзiўнай абмежаванасцю чалавека. Увогуле, я думаю, што было б велiзарнай памылкай тлумачыць дзеяннi людзей, карыстаючыся нашым уранскiм ладам мыслення. У сваiх дзеяннях чалавек не кiруецца свабодным розумам, а падпарадкоўваецца нейкаму фатальнаму неўсвядомленаму ўзбуджэнню. У чалавека няма выбару ў тым, што ён павiнен зрабiць (бедалага-чалавек нiбы слiзгаецца па раней вызначаным схiле, каб прыйсцi да мэты).
