Мне было добрай забаўкай назiраць асабiстае жыццё некаторых мужчын, для якiх любоўныя прыгоды сталi галоўным сэнсам жыцця. Я бачыў, як яны, iмкнучыся спакусiць жанчыну, бралi на сябе ўсе выдаткi пры будаўнiцтве дома. Не задавольваючыся гэтым, мужчына iшоў шукаць другую спадарожнiцу, якая таксама атрымлiвала жытло! За такое каханне мужчына вядзе бясконцую барацьбу, не зважаючы нi на што. Увесь час сутыкаючыся з цяжкасцямi, мужчына нiякiх разумных вывадаў не робiць i не кiдае сваiх авантур. I нават за дзесятым разам анi не разумнее.

Няздольнасць чалавека запамiнаць мiнулае, прадбачыць будучыню пацвярджаецца i шматлiкiмi войнамi, якiя ўзнiкаюць памiж людзьмi. У нас, уранцаў, неверагодная нават думка, што адна група ўранцаў можа атакаваць другую або кiдацца прадметамi, каб паранiць сапернiка цi атруцiць яго ядавiтымi газамi.

А мiж тым усё гэта адбываецца на Зямлi. На працягу некалькiх стагоддзяў я назiраў, як узнiкаюць сутычкi памiж велiзарнымi масамi людзей то ў адным, то ў другiм кутку планеты. Часам яны ваююць пад адкрытым небам, часам хаваюцца ў зямлi i iмкнуцца разбурыць варожыя акопы, абрынаючы на iх цяжкiя груды металу. А часам яны нават прыладжваюць прымiтыўныя крылы, каб кiдаць снарады зверху. Улiчыце пры гэтым, што абодва бакi робяць адно i тое. Гэта жахлiвае i смешнае вiдовiшча. Сцэны тут настолькi страшныя, што, калi б людзi валодалi хоць слабой памяццю, яны б не дапусцiлi iх паўтарэння на працягу многiх пакаленняў. Аднак за кароткi чалавечы век людзi два-тры разы ўвязваюцца ў гэтыя смяротныя бойкi.

Другi прыклад сляпога падпарадкавання зямлян iнстынктам мы бачым у тым, што яны часам будуюць свае мурашнiкi якраз у такiх месцах планеты, якiя небяспечныя для жыцця i асуджаны на пагiбель. Так, мы з увагай сачылi, як на адным перанаселеным востраве за 8 гадоў ад землетрасенняў тройчы разбуралiся ўсе дамы. Кожнаму разважлiваму назiральнiку ясна, што людзi павiнны былi б пакiнуць гэты востраў. Але дзе там! Як нiчога i не было, людзi заўзята бяруцца за працу i будуюць такiя самыя дамы з дрэва i жалеза. А на другi год яны зноў будуць разбураны.



20 из 21