Ежи Лец Станислав

З 'Непрычасаных думак' (на белорусском языке)

Станiслаў Ежы Лец

З "Непрычасаных думак"

Пераклад: Уладзiмiр Арлоў

"Гнiль завялася ў Дацкiм каралеўстве!" Якая ты неабсяжная, Данiя! N. пасiвеў ад успамiнаў, якiя сам прыдумаў. Будзьма самi дзьмуць у свае ветразi! З рэцэнзii: "Яго паэзiя адметная высакароднай беднасцю духу". Сатырыкi, пазбягайце слоў! Няхай гавораць лiчбы! Мяжу думкi шукайце на мапе. На вочнай стаўцы труп не апазнаў забойцы. Першая ўмова неўмiручасцi - смерць. Свабоду нельга сiмуляваць. Трэба павялiчыць колькасць думак настолькi, каб на iх не хапiла наглядчыкаў. А раптам Бог стварыў мяне, каб я быў у яго за атэiста? Нават у яго маўчаннi былi граматычныя памылкi. Кожны век мае сваё сярэднявечча. У навучанне жанглёра абавязкова павiнна ўваходзiць няведанне законаў фiзiкi. Не расказвайце сваiх сноў. А раптам уладу захопяць фрэйдысты! Калi б ты прыйшла на спатканне яшчэ пазней, я зрабiўся б Пятраркам. Цi зручны гэта светапогляд - скептыцызм? Скептыкi глядзяць на гэта скептычна. "Стыль - гэта чалавек". Як мала засталося б на зямлi людзей! Перш чым падумаць - падумай! Прыснiў рэкламу супрацьзачынальных сродкаў: "Ненароджаныя багаслаўляюць вас!" Каб цябе выслухалi, часам трэба замаўчаць. Не пiшы сваё крэда на плоце. Дна няма. Глыбей проста не пускаюць. Люблю тых, што ўсходзяць там, дзе iх не сеялi. Цi верую я? Ведае толькi Бог. Якая гэта пакута! Вакол адны голыя жанчыны ў сукенках без дэкальтэ. Жыў духоўным жыццём, але клапацiўся пра лаяльнасць цела. Калi апярэджваеш свой час, падрыхтуйся чакаць яго не ў самым утульным памяшканнi. Цi мае права канiбал прамаўляць ад iмя тых, каго з'еў? Iснуюць пародыi на няiсныя творы. Прэч, д'ябал! У мяне рандэву з д'ябалiцай! Неўмiручы пiсьменнiк памiрае ў сваiх эпiгонах. Чалавек - персона non grаtа. Норавы падаюць на ўсё больш камфартабельныя ложкi. Вяршыня ведаў пра чалавека -дасье таемнай палiцыi. I механiзм дыктатуры - не перпетуум мобiле.



1 из 3