Будзьма далiкатныя! Не след пытацца ў людзей, цi жывуць яны. Сцеражыся тэм, якiх нельга ўнiкнуць! Кожны глядач прыносiць у тэатр сваю акустыку. Той, хто перажыў трагедыю, не быў яе героем. Здараецца, што лаўры пускаюць каранi ў галаву. Абодва персанажы чорныя, але якiя розныя фарбы! На брудэршафт з Сакратамi п'юць цыкуту. "Твор вытрымаў выпрабаванне часам". Трэба ўказаць - якiм. Бываюць п'есы такiя слабыя, што не могуць нават сысцi са сцэны. Я не згодны з матэматыкамi: лiчу, што сума нулёў дае вусцiшную лiчбу. I раптам аўтар прачынаецца ў чэраве ў чытача, як Iёна ў чэраве ў левiяфана, але адчувае, што ён ужо дарэшты ператраўлены. Каб жа гэтае адчуванне доўжылася вечна! Няшмат хто з людзей XIX стагоддзя прадбачыў, што пасля яго прыйдзе XX. Не ўсе фенiксы, адрадзiўшыся з попелу, апавядаюць пра сваё мiнулае. Мара рабоў: кiрмаш, дзе можна купiць сабе гаспадара. Ар'ергард колiшняга авангарду - гэта зазвычай авангард новага ар'ергарду. Шэдэўр зразумее нават дурань. Але ж наколькi iначай! Глыбiню можна iмiтаваць размалёўкай. Правакаваць трэба не iнтэлектуалаў, а iнтэлект. Памыляймася калектыўна! Iнтэлектуальная вузасць пашыраецца. Прапаноўваць прафесiйным жанглёрам не гуляць з агнём - нетактоўна. Крыжык насупроць некаторых прозвiшчаў сёй-той мае за плюс. Хараство не бескарыснае, яно iснуе, прынамсi, дзеля таго, каб яго ненавiдзелi. Шмат каму з тых, што прыйшлi да мора адно памачыць ногi, давялося зрабiцца Калумбамi. Якой багатай павiнна быць дзяржава, каб дазволiць сабе з адной паловы сваiх жыхароў стварыць палiцыю, а другую палову трымаць за дзяржаўны кошт за кратамi. Пераехаў з Садома ў Гамору. Калi заселiм пустэльнi, страцiм аазiсы. Гэта быў мыслiцель прагрэсiўна-рэлiгiйны. Пагаджаўся, што чалавечы радавод пачынаецца ад малпы, але ад той, што ацалела ў Ноевым каўчэгу. Кемлiвы тыран давядзе да iнфляцыi - а ўрэшце i да дэвальвацыi - Галгофы. Як цяжка схаваць тое, што цябе не iснуе. Я перастаў быць скептыкам - паверыў у iснаванне iманентнага зла. Не падаўжайце жыццё летаргiяй! Тыраны трымаюць чалавека ў зняволеннi нават у iм самiм. Часам само алiбi i ёсць злачынства. Не давайце iм веры! Гэта Адысеi з компасамi. Пашырэнне невуцтва таксама трэба навукова распрацаваць. Сцеражыся матылькоў-аднадзёнак: у iх мала часу.



2 из 3