За 500 атрыманых форынтаў можна 17 разоў праехаць туды й назад на гарадзкiм аўтобусе альбо сто разоў наведаць грамадзкую прыбiральню.

Найбольш адметнае ў прапанаванай турыстам вугорскай кухнi тое, што й на абед, i на вячэру замест кавы цi гарбаты гасьцей частуюць вадою з крана. Не падабаецца - замаўляй вiна, брэндзi цi яшчэ якога пiтва, але дзеля гэтага трэба йсьцi на рынак i гандляваць правезенаю празь мяжу кантрабандай.

На вугорскiм рынку, як i ў iншых краiнах, дзе камунiсты ўжо не займаюцца iдэалягiчным забесьпячэньнем сяўбы й вытворчасьцi тавараў народнага спажываньня, усё прадаецца разы ў паўтара-два таньней за крамныя кошты, бо дзяржаўныя й прыватныя крамы заваленыя таварамi.

Рынак вiруе. Амаль роднымi здаюцца палякi. Грамадзяне СССР, кiруючыся пачуцьцём пралетарскага iнтэрнацыяналiзму, купляюць двухкасэтнiкi "Iнтэрнацыяналь" i лiтровыя пляшкi 96-працэнтовага сьпiрту. Мае спадарожнiкi распакоўваюць валiзы, i выяўляецца, што ледзь ня кожнага другога трэба саджаць. Душу апаноўваюць лятункi пра час, калi пасадзяць тых, хто, зрабiўшы сацыялiстычны выбар, змушае нас цягнуць усё гэта празь мяжу.

Празь нейкую гадзiну ў дзьвюх дамачак з нашае тургрупы ўжо шамацяць у руках тысячныя купюры. Яшчэ праз гадзiну ў iх крадуць сумку з таварам, а заадно й партманэткi з грашыма й пашпартамi.

Мацней прыцiскаю да грудзей торбу зь некалькiмi як быццам бы законна правезенымi пляшкамi й пытаюся ў нашага гiда, за колькi можна збыць шампанскае. Спадарыня Iльдыко ня ведае. Iхняя сям'я шампанскага сабе не дазваляе.

Потым высьветлiцца, што мясныя стравы Iльдыко й яе бацькi ядуць два разы на тыдзень - сярэднестатыстычны вугорскi паказчык.

Але ня будзем сьпяшацца шкадаваць гарапашных мадзяраў. Проста ў iх iншыя стандарты. Мяса двойчы на тыдзень, затое свой трохпакаёвы дом i непусты гараж. Дый мяса, якое смажыць Iльдыко, - гэта ня наш нашпiгаваны радыенуклiдамi жылаваты кусман, урваны ў чарзе, дзе чалавек чалавеку - друг, таварыш i брат. Мяса мадзярка купляе ў такой краме, куды нашай гаспадынi трэба йсьцi з валiдолам, бо там толькi кiлбасы гатункаў дваццаць. А замест дарагога шампанскага можна па даступнай цане набыць пляшку "бычынае крывi" або "такаю", або... "Сёньня ў нас у продажы 150 найменьняў вiнаў i лiкёраў", - сьцiпла паведамляе абвестка на адной з будапэшцкiх крамаў.



2 из 8