
Тут не пасажыры стаяць у чарзе па таксi, а таксi ў чарзе па пасажыра. Тут немагчыма ўявiць на дзьвярах кавярнi цi рэстарацыi шыльду, што няма месцаў. Каб падтрымлiваць стандарты свайго жыцьця, сярэднестатыстычны вугорац працуе па 12 гадзiн 10 хвiлiн пяць дзён на тыдзень, але ён ведае, што, зарабiўшы патрэбныя грошы, ён за некалькi хвiлiн можа купiць амаль усё, чаго прагне душа або цела.
Вышла мадьярка на берег Дуная,
Бросила в воду цветок.
Утренней Венгрии дар принимая,
Дальше понесся поток...
Насьвiстваючы песеньку свайго дзяцiнства, я шпацырую па сталiчнай набярэжнай i не магу пазбыцца ўражаньня, што апошнiм часам у Дунай - i ў Вугоршчыне, i ў Югаславii, i ў Баўгарыi, i ў Румынii, i ў "нашай" Малдове найчасьцей кiдаюць ня кветкi, але помнiкi "правадырам працоўных".
У сапраўднасьцi, прынамсi ў Вугоршчыне, было йначай - "ленiнаў" ды ягоных пасьлядоўнiкаў рознае масьцi, што наблiжалi сьветлую будучыню чалавецтва расстрэламi, арганiзаваным голадам i бязьлiтаснай эксплёатацыяй народу, цывiлiзавана дэмантавалi й прыбралi далей ад вачэй.
Непараўнана цяжэй дэмантаваць iхнюю спадчыну - лiквiдаваць плянавую эканомiку, ураўнiлаўку, адкрыць шлях прыватнай уласнасьцi ды прадпрыймальнiкам...
Наш гiд Пал кажа, што яны ўжо пачалi, а ў нас усё наперадзе.
Наш стукач Саша спрабуе выступiць у абарону сацыялiзму.
Сашу мы вылiчылi яшчэ ў першы дзень, калi ён распытваў пра золата, валюту й пра тое, цi праўда, што БНФ атрымлiвае з Iзраiля зброю.
Не да густу Сашу й гiдаў аповед пра народную рэвалюцыю 1956 году, калi, годна доўжачы баявыя традыцыi жандара Эўропы, Савецкi Саюз кiнуў супроць Будапэшту столькi ж танкаў, колькi ў 1940-м вёў на Парыж Гудэрыян. Трохi супакойвае Сашу паведамленьне, што новыя вугорскiя ўлады вырашылi прызначыць пэнсii сем'ям ня толькi палеглых паўстанцаў, але й забiтых у часе баёў вугорскiх "гэбiстаў", якiя стралялi ў братоў.
