
Мне чамусьцi робiцца шкада й марака, i самога сябе, i мурына, што сьпявае на вулiцы Ракацы. Я ўспамiнаю, да каго той мурын падобны - да чарнаскурага студэнта Белдзяржунiвэрсытэту, якi жыў у нашым iнтэрнаце разам з двума вiетнамцамi й штодня - апоўначы й а шостай ранiцы - змушаў iх стоячы слухаць гiмн СССР.
Союз нерушимый республик свободных
Сплотила навеки великая Русь...
Як жа там, дарэчы, вырашыўся лёс Саюзу на рэфэрэндуме, якi мы мусiлi - хто вымушана, а хто й не - байкатаваць? Перад вячэраю пытаемся пра гэта ў гiда.
Пачуўшы папярэднiя вынiкi рэфэрэндуму, Саша, а зь iм яшчэ зь дзясятак саўкоў пляскаюць у ладкi. Мы - за Саюз. Мы другой такой страны не знаем...
Апошнi перад вяртаньнем вугорскi горад Эгер. Неверагодная чысьцiня й дагледжанасьць вулiц, жылых будынкаў, сярэднявечнае фартэцы й храмаў. Колькi гадоў таму ў горадзе памерла апошняя праваслаўная, але праваслаўны сабор з гэтае прычыны чамусьцi не ператварылi ў склад мiнэральных угнаеньняў, i ў гадавыя сьвяты там па-ранейшаму служыць сэрбскi архiяпiскап з Будапэшту.
На вулiцах такога гораду пачуваесься гэтаксама надзейна i ўтульна, як у сваёй хаце. Такiмi былi б нашыя Горадня цi Нясьвiж, каб не бальшавiкi ды iншыя верныя ленiнцы. Былыя эгерскiя рэзыдэнцыi iхнiх вугорскiх паплечнiкаў будынкi колiшнiх гарадзкога ды абласнога камiтэтаў кадараўскае партыi здаюцца ў арэнду, але ўжо даўнавата стаяць упусьце. Мусiць, арандатары чакаюць, пакуль ня выветрыцца стары дух.
У часе экскурсii спадар Пал прыгадвае сямiградзкага ваяводу мадзяра Сьцяпана Батуру (Штэфан Батары), што быў абраны каралём Польшчы й вялiкiм ккязем лiтоўскiм. Абсалютная большасьць маiх спадарожнiкаў чула пра пераможцу над Iванам Жахлiвым i вызвольнiка беларусаў ад маскоўскае няволi ня больш, чым пра апошняга караля iнкаў.
- Почему он сказал, что это наш король? - неўразумела пытаецца адна турыстка. - У нас ведь цари были, а не короли.
