
Аказваецца, наш гiд ведае пра беларусаў трохi болей за сярэдняга вугорца. У прыватнасьцi, чуў, што, дзякуючы роднай савецкай уладзе, у Беларусi не засталося беларускiх школаў. Як жа з такiмi школамi цяпер, пасьля перабудовы?
- У сельскай меснасци ищо коя-гдзе сахранилися, но вуобщим-та ўсё эта атмираит, - бадзёра адказвае жыхарка беларускае сталiцы, не разумеючы нi сутнасьцi, нi спачувальнае афарбоўкi пытаньня спадара Пала.
Словы суайчыньнiцы нагадваюць: хутка дамоў, туды, дзе "ўсё атмираит".
Тургрупа ўжо прасьпявала на разьвiтальнай вячэры "Подмосковные вечера". За вокнамi - апошнiя кiлямэтры вугорскае зямлi. "Божа, як востра iм не хапае рубэройду!" - у роспачы думаю я, пазiраючы на крытыя дахоўкаю дамы, хлявы, курнiкi й нават сабачыя будкi.
Усьмешка вугорскага памежнiка, ягоныя "здравствуйте", "до свидания" ды iншыя эўрапейскiя штучкi выклiкаюць у нас амаль што абурэньне. Мы - патрыёты. Мы замiлавана пазiраем на савецкага хлопца зь зялёнымi пагонамi, якi не ўсьмiхаецца й не дазваляе сабе розных там сантымэнтаў накшталт "до свидания".
- Давай! - загадвае ён нашаму кiроўцу, i мы пераяжджаем ужо нiштавата пасунутую на ўсход мяжу сацыялiстычнага лягеру.
На ўваходах у залю мытнага агляду - папярэджаньнi - "Проход держать открытым!" Да кожнага нечая руплiвая рука акуратна дапiсала наперадзе: "задний".
Ужо ў самой назве памежнага савецкага гарадка Чоп чуваць нешта роднае, "чрезвычайное" - ЧОН, ЧК, ЧП...
Якiя да болю свае - хоць прытулi iх да грудзей - шыльды й аб'явы: "Комендатура", "Милиция", "Торговля только по талонам", "Туалет не работает", "Имя и дело Ленина будут жить в веках"... Як звыкла й жадана ўштукоўваецца ў засьмечаны прывакзальны краявiд i сам абседжаны галубамi ленiн. Яшчэ адзiн падфарбаваны золатам ленiн схаваўся ад дэструктыўных галубоў у вакзальную пачакальню. Ля ног iльлiча трое пасажыраў сьцелюць газэцiну з фотаздымкам Гарбачова, крояць на ёй сала i, апасьлiва аглядаючыся на бакi, дастаюць кантовую шклянку.
