
Я ўглядаюся ў дарагi зь дзяцiнства, лагодны й мудры твар правадыра. Правадыр, сарамлiва адвёўшы вочы за пляшкi "Гуцульскай" на газэцiне, празорлiва глядзiць удалеч, на шыльдачку "Ресторан закрыт нет воды". Мне здаецца, ягоныя вусны шэпчуць нешта генiяльнае:
- Как нам реорганизовать Рабкрин?
- Социализм - это учет...
Што да гэтага ленiнскага запавету, дык у Чопе поўны парадак. Палова крамаў зачыненая на пераўлiк, але, мусiць, хутка адчынiцца, бо выстаўлены ў вiтрынах асартымэнт сьведчыць, што пераўлiк можна правесьцi iмгненна.
Мэмарыяльная шыльда на вакзале паведамляе, што ў Чопе жывуць людзi розных нацыянальнасьцяў, аб'яднаныя адной велiчнай справай - будаўнiцтвам камунiзму. Шыльду, на добры лад, трэ было б прадубляваць на замежных мовах, каб iншаземцы таксама зразумелi, зь якой прычыны зачыненыя абедзьве вакзальныя прыбiральнi. (Трэба меркаваць, што ў камунiзме прыбiральнi ўжо нiкому не спатрэбяцца.)
Тым часам па вакзале й вакол нэрвова пахаджаюць колькi дзясяткаў нашых i замежных грамадзянаў. Людзi савецкага гарту хутка знаходзяць выйсьце - хто заглыбляецца ў сквэрык, хто хаваецца за цягнiк або плiшчыцца ў прыватны сэктар.
Бездакорна адзеты сiвы iншаземец з пакутаю на твары адважваецца таргануць дзьверы зачыненае на рамонт прыбiральнi. Установа залiтая сьмярдзючаю жыжкай, сярод якой сям-там тырчаць цаглiны. У госьця нашае краiны хапае змогi толькi на два скачкi. Не дацягнуўшы да трэцяе цаглiны, ён ступае на дно i ў роспачы падцягвае пашытыя дзе-небудзь у Парыжы цi ў Гамбургу нагавiцы. Але тут яму ня Монтэ-Карла. Жыжкi - па костачку, i белыя iншаземцавыя шкарпэткi ўмомант набываюць менш кiдкi колер.
У вiтрыне зачыненай на пераўлiк крамы лётае верабей. За шклом газэтнага шапiка - нумар цi то маскоўскай, цi то яшчэ нейкай такой самай "правды" з буйным загалоўкам: "Народ сказал Союзу "да"! Народ сказал "да" социалистическому выбору".
Мне хочацца паглядзець на таго, хто прысягае ў вернасьцi сацыялiстычнаму выбару - толькi каб ён паўтарыў гэта не з тэлеэкрану, а з цаглiнак у сьмярдзючай жыжцы.
Па пэроне, апусьцiўшы голаў, брыдзе сiвы iншаземец з мокрымi нагамi. Над вакзальным будынкам лёзунг: "Да здравствует марксизм-ленинизм - вечно живое, революционное интернациональное учение!"
