Вага мiнулага спарадзiла недавер i падазронасьць да "пануючай клясы", а побач з гэтым - спачуваньне тым, што ў галечы, iмкненьне памагчы iм. Глум, якi цярпела з боку некаторых апякуноў, спрычынiўся да пэўнае iзаляцыi. Мусiла, як магла, адмежавацца ад таго, хто рабiў ёй якую крыўду. Назiральная кемлiвасьць i выпрабаваньнi ў доўгiх гадох мiж чужых нарадзiлi асьцярожнасьць, прадуманыя адносiны да людзей, спагаду да цярпеўшых i крыўджаных.

У гэныя часы галеча эканамiчнае дэпрэсii мiж новых iмiгрантаў, што прыехалi з акупаванай Польшчай Заходняй Беларусi, дапаўнялася крывадушнай, у Маскве майстраванай клясава-ненавiснай ядавiтай бальшавiцкай прапагандай. I мясцовымi гнёздамi, цi рупарамi такога забойчага яду i хвальшывай iнфармацыi "з краiны рабочых i сялянаў" зьявiлiся мясцовыя так званыя рабочыя клюбы. У гэтым сэньсе клюб Максiма Горкага ў Балтаве мог служыць копiяй iншых, раськiнутых па аграмаднай краiне. Ужо куды пазьней, калi некаторыя, раней адурманеныя "новыя Канадыйцы", пачалi разумець, што "чырвоныя прарокi" пашыралi хвальшывыя пропаведзi крывадушнага тырана з камунiстычнага цэнтру, шматлiкiя ачмурэлыя марксiстоўскiмi догмамi "прагрэсiсты" ўпарта гарлапанiлi на барыкадах сваiх "клясавых пазыцыяў". А для малапiсьменных, што "ня лезьлi ў палiтыку", усе вялiкiя й малыя палiтыканы, свае i чужыя, тварылi не абы якую зьбянтэжанасьць.

Вера чытала ня толькi ўсё казённае, што падсоўвалi клюбу пашыральнiкi камунiстычнага "прагрэсу". Побач "Как закалялась сталь" ляжаў Дыкэнс i Ўiтман, Пушкiн i Маякоўскi. Некаторы час цi не найбольш была аблюбавала паднятага да стратасфэрнае вышынi бальшавiцкiмi маскалямi "буревестника революции". Здавалася ёй, што шматлiкiя ягоныя гэроi чулiся-б як дома ў асяродзьдзi людзей з капальняў, дзе пачалося ейнае жыцьцёвае падарожжа. У музыцы-ж Вера захаплялася Бэтховэнам i Чайкоўскiм, Стравiнскiм i Гэршвiнам. З асалодай таксама сьпявала беларускiя песьнi, што ззамоладу запомнiла калi лiлiся з вуснаў маткi.



10 из 204