- Дзякуй, Грыша. Буду ў кантакце.

Коля ўзяў ейную валiзку. Рэшту багажу пакiнула на станцыi i мае яго забраць пасьля. Яны спусьцiлiся па сходах i пайшлi да аўтабуснага прыпынку. Пад захмараным лiпеньскiм небам вулiца чмыхала й гула вялiзнай хваляй аўтамабiляў у "раш аўр" - сьпешную гадзiну. Гэтак тут назвалi час, калi мiльёны людзей рана й вечарам сьпяшаць на працу цi з працы дамоў. Гвалтоўныя рыўкi ветру тузалi маладое лiсьцё кляновых прысадаў, замяталi парэпаны цэмант вулiцы i забаўлялiся рознакаляровымi сукенкамi жанчынаў.

- Як далёка да Нiны Ляскiн?

- Якiх мiнут пятнаццаць аўтабусам. Яна жыве каля цэнтру гораду.

3

Некалi, падаючы заяву для атрыманьня вiзы на падарожжа ў Савецкi Саюз у групе "рабочых канадыйскiх дэлегатаў", ад Веры Мак запатрабавалi, каб далучыла кароткую аўтабiяграфiю. Пасьля цэлае гадзiны, Вера напiсала наступнае:

Iмя й прозьвiшча: Вера Мак.

Дата й месца нараджэньня: 27 сакавiка, 1930 г., Балтава, Антарыё.

Сацыяльнае паходжаньне i ўзгадаваньне: Бацькi - Беларусы, рабочыя. Бацька, што працаваў у капальнi мэталаў, прыехаў з маткай у Канаду пару гадоў перад маiм нараджэньнем з Заходняй Беларусi. Як мне было сем гадоў, бацьку майго Мiкалая палiцыя канадыйская забiла падчас дэманстрацыi беспрацоўных i галодных. Мацi мая Юльляна, што была сьветкай таго забойства, мела ўдар сэрца. Яна памерла год пазьней. Як маладая сiрата, ад васьмi гадоў узросту я гадавалася ў розных сем'ях.

Адукацыя: Сярэдняя.

Прафэсiя: Працавала сакратаркай у Рын Тын i Дэлта мiнэральных кампманiях.

Грамадзкая дзейнасьць: На працягу даўгога часу належала й цяпер належу да рабочага клюбу Максiма Горкага ў Балтаве. Брала ўдзел у адукацыйнай, спартовай i грамадзкай працы. Апякавалася дзяцьмi.

Калi-б Веры давялося пiсаць абшырней пра сваё дзяцiнства, матар'ялу хапiла-бы. Ды як-жа можна адлюстраваць тую бездань, у якой апынулася "ў галодных трыццатых" сiрата пад апекай чужых? I што магло замянiць матчыну любоў i апеку? Бесьперапынная галеча пакiнула сьлед, а спадчына бацькоў дала пякучую горыч.



9 из 204