
Як-бы цiкава было заглянуць у хату звычайных рабочых ды паслухаць iхныя захапленьнi жыцьцём i посьпехамi найбольш прагрэсыўнай дзяржавы ў сьвеце, авангардам пралетарыяту, маяком вызвольнага змаганьня супраць капiталiзму для ўсiх сяньня эксплёатаваных людзей i народаў! I чаму вось пра такiя звычайныя сустрэчы iз простымi людзьмi, а не партыйнымi цi дзяржаўнымi бюракратамi нiхто не падумаў i iх не наладзiў? Як-жа можна было вытлумачыць той дыстанс, створаны мiж iмi, "суайчыньнiкамi", ды мясцовымi, шчасьлiвымi савецкiмi грамадзянамi?
I ўсё-ж, вiдаць была велiч дзяржавы й народу. Ясная мэта. Тут-жа й выразны дынамiзм, каб яе асягнуць. Усё вялiзнае й шырокамаштабнае на ўсiх франтох. А плёны працы масаў - як на даланi. Дык адкуль бяруцца сумлевы?
Вось вазьмеце хаця-б гэтага, каторага Мiкiта стараецца загнаць, як кажуць, у казiны ражок. Гэта-ж згодна з запаветамi Ленiна ён тварыў, будаваў i ўдасканалiў просты, выдатны i ўсiм зразумелы лад. З добрае волi ўсiх "трудящихся", наверсе сеў сам - генiяльны й надта-ж дбайны пра ўсiх i ўсё "вождзь", каторы, як на тое вялiкае шчасьце, таксама быў мудрым настаўнiкам i карыфэем навукаў. Ён-жа i "айцец усiх народаў". Яму сьпявалi гiмны, прысьвячалi манумантальныя творы ўва ўсiх жанрах лiтаратуры ды ўсiх вiдах мастацтва. Ён-жа, - як нядаўна пераканаўся цэлы антыфашыстоўскi сьвет, генэралiсiмус, выдатны стратэг i палкаводзец. I гэта пад ягоным мудрым "рукаводзтвам" i гэройскiм натхненьнем дабралiся пераможныя савецкiя байцы аж да бэрлiнскага райхстагу. Во вам! Пакажыце нам дзесь на сьвеце чалавека роўнага гэтаму! I кажнаму шчасьлiваму грамадзянiну гэтае выдатнае краiны вядома, што гэты тытан духа й мудрасьцi ўвасабляў максымальнае дабро, якое стварыў новы лад. Цяпер ужо квiтнее яно, тое дабро, а будзе яшчэ куды большае, калi прыйдзе поўны камунiзм.
