Адно грыз, ледзь пачынаў варушыцца чарвячок сумлеву адносна таго ладу i "айца ўсiх народаў" пасьля таго, як бравурны i вульгарны Мiкiта вылез iз кукурузы ды быццам "разьвянчаў" самага наймудрэйшага генэралiсiмуса. Дзе i ў якой дрыгве чэрцi гэтага Мiкiту выгадавалi? А можа тут просты паклёп "iмпэрыялiстычных акулаў" на нашага генiя? Цi можа сам Мiкiта - пустазвон цi просты абэлтух? А калi так, дык як яго туды, аж на самы верх пусьцiлi? А можа сталася, што той, найбольш генiяльны, ды гэтаму паклёпнiку некалi на нагу наступiў? Бывае...

Пасьля падарожжа ў мэкку "рабочых i сялян" Вера, удзячная, як i ўсе iншыя ўдзельнiкi, за дармавое падарожжа, яшчэ з большым iмпэтам узялася за працу ў клюбе. Аднойчы сакратар мясцовай камунiстычнай ячэйкi пад крылом клюбу, спэц агiтацыйных трафарэтаў камунiстычнай прапаганды, пасьля даўгой i нуднай гутаркi, запрапанаваў ёй пераехаць у Радфорд. Гаварыў ён, што рук i ў Балтаве да працы не хапае... Але ў краiне ёсьць пляцоўкi больш важнага iмпэратыву чымся Балтава. Вось яно. Дык наш "працоўны рух" патрабаваў цяпер помачы адданых, працавiтых i пiльных таварышаў на найбольш адказных пазыцыях. Цi магла-б яна, Верачака, памагчы?

Як тут адмовiш? Ды iдэя, каб перабрацца ў Радфорд, што дынамiчна рос i стаўся магнiтам усёй пасьляваеннай iмiграцыi з розных кутоў сьвету ў Канаду, была наклюнулася ў Веры раней. Замiнаў недахоп кантактаў, што маглi-б памагчы там якiя-небудзь патрэбныя дзьверы адчынiць. Цяпер-жа, пасьля сакратаровай прапановы, Вера зацiкавiлася дзе й каму яна спатрэбiцца ў тым вялiзным горадзе. Адказ: патрабуюць зьверху, праца будзе забясьпечаная. Усё адпаведна ўладзяць. Людзi ў тым Радфордзе знойдуць ёй працу, увядуць у мясцовае "прагрэсыўнае" грамадзтва. Адным словам пакуй, дзеўка, свае "шмоткi" i "ў камандыроўку", паводле загаду зьверху. Во як! Цi туды з энтузiязмам бегчы? Яно-ж так i лепш, бо прыйдзе да спадобы тым зь ведамага верху.

4

Нiна Ляскiн наймала трохпакаёвую кватэру на трэцiм паверсе чатырохпавярховага дому на бочнай вулiцы недалёка Квiн, - галоўнай вулiцы гораду, што перасякала яго простай лiнiяй з усходу на захад. Адсюль было вельмi зручна добрым гарадзкiм транспартам дабiрацца да камэрцыйнага цэнтру.



13 из 204