Алесева ўвага затрымалася на пiльнасьцi цяперашнiх неадкладных спраў. Ягоныя вочы прабеглi па прыгожа абшаляваных сьценах пакою ды затрымалiся на бронзавай, залатым блескам зьзяючай ручцы дзьвярэй. З-за дзьвярэй даляталi прыглушаныя гукi гандлёвага вэрхалу. Алесява праца - вышукоўваць на шырокiм рынку найбольш выгадныя i ходныя тавары. Алесь Якiмовiч - купляньнiк кампанii Трыфты Тонi. На гэтай пазыцыi трэба было мець добрыя сувязi зь людзьмi, ведаць гандлёвую тэрыторыю ня толькi сваёй краiны, але й суседа-сланя з паўдня, ведаць якасьцi й цэны масы тавараў, значыцца быць неабыякiм пранырам. У рукi спажыўцоў кажны дзень Трыфты Тонi намагаўся даць выгадныя й даступныя па цэнах прадукты. Праца нялёгкая. Частыя падарожжы, агляд i ацэнка тавараў, закупы разьлiчаныя на вялiкi ход. Пакуль што Алесю спадарожнiчалi посьпехi, сам бос Давiд Зэлман прызнаваў ягоныя ўдалыя махiнацыi, сувязi i гешэфты.

Ды пры гэтым босавым экзэкутыўным стале, - Алесь ужо раней пераканаўся, - доўга крэсла на шпянi не пагрэеш. Якiмовiч мог амаль дакладна прадбачыць, што вось гэтта неўзабаве здарыцца. За дзьвярмi, абабiтымi чырвоным калiфарнiйскiм дрэвам, пачуюцца борздыя крокi, некалькi слоў мiж босам i сакратаркай, тады пакруцiцца ў дзьвярох вышлiфаваная да блеску золата ручка i перад iм зьявiцца сярэдняга росту хударлявая, лысагаловая постаць энэргiчнага й заўсёды непаседлiвага ўласьнiка кампанii Трыфты Тонi.

- Галё, мой бой, як маешся! - мэталiчны голас пры стрыманай усьмешцы прывiтае Алеся. Паздароўкаюцца рукамi. - Павязло?

Тут i ня будзе часу адказаць на тое "як маешся?", бо бос ужо хоча ведаць, цi павязло. "На якiм гэта верацяне яму баба-спавiтуха пуп абразала?" - думаў цi раз пра Зэлмана Алесь.



18 из 204