
- У такiм выпадку вам патрэбны лiфчык майго разьмеру.
Прафэсiйны голас прадаўшчыцы. Алесю здалося, што лёгкi румянец каўзануў па ейным твары.
- Вы пэўныя? - спыталася ў яго дзяўчына, што прыглядалася лiфчыкам дзясятага разьмеру.
- Ну ведаеце, - завагаўся Алесь, - мусiць я гэтага самага, ня зусiм. Можа мне лепш спытацца ў яе сяброўкi... Тады я зноў да вас загляну.
- Калi ласка. Я заўсёды да вашых паслугаў.
На ейным твары зьявiлася ўсьмешка, якая, здалося, гаварыла: каго-ж ты, дзiвак, зводзiш? Пасьля Алесь прыгадваў i ацэньваў тое першае пра дзяўчыну ўражаньне. Бяз сумлеву, яна належала да тых, якiх усе хлопцы трымалi-б у абдымках так, як добрыя бацькi сваiх перадшкольных гадоў дачушак. Дзяцiнны й сьвежы выгляд. Дадай да гэтага бадзёрасьць. Мясцовыя спартовыя "балельнiкi" такiх вось ахвотна рознымi спартовымi прыгажунямi (мiсамi) выбiраюць.
Алесь трымаўся старое мудрасьцi, што недахопу прыгажосьцi штучнымi сродкамi не лiквiдуеш. Адно можна добра замаскавацца для падману чужога вока. I мiж касмэтыкай размаляваных масак, што нахабна дэманстравалi сваю штучную красу, проста захапляешся й славiш Богам створаную дасканаласьць, якая не на павадку разрэклямаваных гiганцкiмi касмэтычнымi фiрмамi тавараў. Алесю здавалася, што гэтая дзяўчына зьявiлася нямаведама адкуль, каб быццам падкрэсьлiць кантраст мiж штучным i прыродным. Трыфты Тонi быў перапоўнены i маскамi-тварамi, i штучнымi грудзьмi, i...
- Хочаш паглядзець як запраўды яна выглядае? Зацягнi ў ванну, адмый усе тыя памады-шмiнкi ды розныя мудрыя пудры! - жартавалi дзяцюкi.
Давiд Зэлман быў гэнай ранiцай усхваляваны. Толькi што скончыў доўгую гутарку з рыл-эстэйт агентам (рыл-эстэйт займаецца тут гандлем дамоў i зямлi), якi таргаваўся з суседзямi. Трыфты Тонi патрабаваў новае тэрыторыi i будынкаў для экспаньсii. Звыш дванаццацi суседнiх дамоў ляжала на дарозе. Прасiлi больш паўмiльёна даляраў, - паводле Зэлмана, астранамiчную суму, - i анi-нi ня спускалi. Пранюхалi ды й ведалi, што Зэлману няма выхаду, паскача, палаецца, а грошы знойдзе.
