
Зьверху, быццам насланьнё: забавязаць, загадаць, запраектаваць, заплянаваць, падапхнуць, дагнаць i перагнаць, выканаць i перавыканаць, стануць на вахце здабычаў вялiкай кастрычнiцкай!
I гэтта-ж - абрыдлы i настырлiвы акампанямэнт: "Эх, да и ухнем!"
Прыкусiўшы языкi, закасаўшы рукавы, ужо цяпер, раньнiм летам пачынаюць плянаваць-барабанiць пра сьвяткаваньне саракавых угодкаў "вялiкага кастрычнiка".
Не павязло-ж у гэтай краiне, цьфу на яе! Насамперш здраднiк Кузэнка ў Аттаве раскрыў i выдаў ворагам найбольшае гняздо выдатных савецкiх патрыётаў (шпiёнаў). Пасьля-ж нашумела й доўгi час назаляла вушы, калi барабанiла ў радыё i газэтах сваiм кусьлiвым прасьледаваньнем усiх прагрэсыўных сiлаў "каралеўская камiсiя" ды iншыя спарахнелыя буржуазныя ворганы. Павывалакалi наверх усякае затхлае фашыстоўскае гнiльлё ды рознае антыпрагрэсыўнае барахло.
Каб-жа адно гэта. Вунь там, удома, абгалiўшы ды зганьбiўшы наймудрэйшага ды найбуйнейшага карыфэя навукаў i бацьку ўсiх народаў, узабраўся на самы шчыт палiтычны нейкi бравурна-барабанны Мiкiта. Помсьлiвы памаўза вылез iз кукурузы. Яна, кукуруза, згодна шматгамоннага Мiкiты, прывядзе сацыялiзм i ўсю дружную сямейку народаў сацыялiстычнае садружнасьцi да запаветнае брамы камунiзму. Няхай жыве кукуруза!
Мiкiтава вынаходлiвасьць ня спынiлася, як вядома, на кукурузе, але хутка перакiнулася й на сусьветную арэну. Колькi-ж гэта рогату i ўцехi даў людзям новы маскоўскi гарлапан, калi ў Ню-Ёку на форуме Аб'еднаных Нацыяў чаравiкам па стале прарочыў сьмерць капiталiзму й перамогу савецкаму кукурузнаму ладу! Дзiва няма, што па цэлым "неабдымным саюзе" голасна буянiў пра Мiкiту сьпявак Высоцкi на словы Аляксандра Гiдонi:
Потом Никитушка росточком был с аршин.
Он много всяких разных дел насовершил.
При ём пахали целину,
При ём пихали на луну,
При ём достигли мы сияющих вершин.
Но в октябре яво маненечко - таво:
Тады узнали мы всю правду пра яво.
