
Что он Насера наградил,
Что он с три хера накрутил,
Что это в заднице свербило у яво.
Сьверб загнязьдзiўся ня толькi ў Мiкiты, але i ў шматлiкiх галовах розных камунiстычных пазадкаў у Канадзе. Гэтта кукурузай i чаравiкам па стале нiчога не асягнеш. I няма калi зьдзiўляцца, рот разяўляць, што ўчарашнiя хаўрусьнiкi ў вайне нейкiм чынам ператасавалiся ў ворагаў. Сьверб недаверу да свайго заўсёды магутнага й непамыльнага цэнтру наклюнуўся. Некаторыя сумленныя дзiвакi быццам на прыманку капiталiстычнае прапаганды пайшлi. Як тут непамыльную i яшчэ генэральную партыйную лiнiю ўтрымаць? Нагода: сьвяткаваньнем угодкаў "вялiкага кастрычнiка" выкаваць новую дысцыплiну, умацаваць салiдарнасьць камунiстычнага руху ўва ўсiм сьвеце.
Гэтак загадалi. Так мае быць!
Арганiзаваць ударнае сьвята "вялiкага кастрычнiка" - мала языкамi мянташыць. Рэкляма ў друку й радыё пажырае вялiкiя грошы. Даводзiцца, як i мiнулымi гадамi, ляпiць плякаты й афiшкi ў гарадох на вулiчныя слупы й газэтныя скрынi, платы й сьметнiкавыя кантэйнары. Гарадзкiя законы гэта забараняюць, але тут на помач iдзе цемра й спрыт. Ня зловiць цябе палiцыя, у якой рукi й час наркаманамi й зладзеямi занятыя. Кiраўнiцтва гэткай рэклямнай "кастрычнiцкай апэрацыi" намазолiць добра шматлiкiя мазгi, каб усiм сваiм вялiкiм i малым спэцам гэтай аграмаднай сваёй распоўзлай тэрыторыяй краiны даць адпаведныя iнструкцыi на тэму: дзе, калi, што i як...
Перадусiм неабходна парупiцца, каб галоўная веха партыi ў краiне, "Канадыйская трыбуна", павысiла i ўзмацнiла адпаведныя баявыя сыгналы. Мала таго. Яна павiнна пашырыць барабаншчыну пра грандыёзныя перамогi на эканамiчным фроньце ў краiне, якая, як вядома, нанесла галоўны ўдар гiтлераўскаму фашызму й мiлiтарызму. Абавязкова павiнны быць i натхняючыя матар'ялы пра няспынны iмклiвы рух iдэяў Маркса й Ленiна ў цэлым сьвеце. Забясьпечыць матар'яламi i левую буржуазную прэсу ды радыё.
А гэтта, як на тое лiха, быццам мышы спад мятлы, павылазiлi на сьвятло дзённае недабiтыя ўдома i непалоўленыя "ворганамi" ў Заходняй Эўропе - хоць бальшыня зь iх апынулася пасьля вайны ў Гулагу, - "беларускiя буржуазныя нацыяналiсты".
