
2
Дзяўчына сядзела на крэсьле ля камiнку. Сьвежанькi, дзiцячага выразу й зусiм правiльных клясычных рысаў твар. Анi шмiнкi, нi пудры. Даўгiя, хвалiстыя, цемнаватыя блёнд валосы. Вялiкiя, блакiтныя й разумныя вочы. Сьцiпласьць i поўная канцэнтрацыя. Быццам мастаком вылiтая фiгура ў тугой белай блюзцы, шэрага колеру андарак у складкi. Вочы ўпiлiся ў чалавека, што ў мяккiм крэсьле расьсеўся з другога боку камiнка.
Сонечнае сьвятло хлынула ў пакой праз вэнэцыйскiя заслоны. Ля сьцяны пакою полка з кнiгамi дэманстравала сябе вялiкiм зборам твораў Ленiна, партрэт якога вiсеў побач на сьцяне. Каля Ленiна i творы Горкага, Маякоўскага ды й iншых бальшавiцкiх зброяносцаў. У куце, на стале - руды самавар i пара кубкаў, а на камiнку, побач парцалянавых балерынаў, пачарнелы мядзяны конь трымаў кампанiю электрычнаму гадзiньнiку. Пiсьмовы стол зь бiзнэсавым старым Рэмiнгтонам i купай кнiгаў ды папераў займаў абшырнае месца ля сьцяны. Савецкiя газэты, мясцовы "Рабочий", часапiс "Тайм" i радфардзкаялевалiбэральная "квактуха" "Стар" зь нейкай прычыны добрым ладам пастроiлiся на нiзкiм кафэйным столiку.
Нягеглы з выгляду мужчына належаў да тых, пра якiх агульна гавораць, што "нiчым ня вырозьнiваўся ў натоўпе". Лысаваты, сiвы. Прадаўгаваты, з вострым падбародкам твар. Блiзка асаджаныя каля простага чырванаватага носу шэрыя вочы, малыя вушы й зморшчаны лоб. Гавайская спартовая кашуля й пакорчаныя штаны, чорныя чаравiкi. Рудыя вочкi пiльна сачылi дзяўчыну.
- Але-ж i прыгожая вы, мiс Мак.
Нiзкi голас, на твары лёгкая ўсьмешка. I ўва ўсiм гэтым, у голасе i ўсьмешцы нейкая казёншчына, штучнасьць. Сказанае здалося пустым i бясколерным, быццам нехта дэкляраваў устаноўленую вышэйшай уладай цану. Рыгор Капшун напiхаў сваю люльку багатай араматам галяндзкай табакай ды аглядаў дзяўчыну скваплiвым зрокам цыгана, што ацэньваў чужога каня. Вера Мак адчувалася нiякавата пад пiльным зрокам гаспадара гэтага пакою. Яшчэ ня ведала якiя тайнiцы гнязьдзiлiся пад тэй лысiнай.
