
Капшун памаўчаў, сачыў клубы табачнага дыму.
- Значыцца, ня маеш сваякоў. Можаш усiх нас, наш цесны кружок, лiчыць сваякамi. На выпадак патрэбы, клiч каго з нас. Цi ты ведаеш беларускую мову, мiс Мак?
Дзяўчына задумалася.
- Можа тое, што ад маткi й бацькi. А ў нас у клубе вучылi расейскую.
- Я маю на ўвазе вось што: цi маеш даволi асноваў i дастатковы запас словаў, каб вясьцi iнтэлiгэнтную гутарку пабеларуску?
- Мяркую, што не.
- Гэты недахоп мы абавязкова зьлiквiдуем. Ты павiнна валодаць гэтай мовай так, каб чулася як удома мiж людзей, якiя пабеларуску гавораць.
- Магу спытацца якая ў тым патрэба?
- Як я раней сказаў, гэта ўсё будзе выясьнена табе пазьней. Цяпер я павiнен ведаць вось што: цi ты згодзiшся навучыцца гэтай мовы? Якая была ў цябе пасьпяховасьць у школе, мiс Мак?
- Найлепшыя ацэнкi.
- Добра. Цi маеш яшчэ ахвоту да навукi?
- Ахвоту? Мяркую, што так. Калi патрэбна, дык навучуся, чаму не. А цi вялiкая розьнiца мiж расейскай i беларускай мовай?
- Даволi значная. Вядома, што ёсьць дзьве вэрсii, так сказаць, беларускай мовы. Першая, гэта тая, што ўжываецца ў школах i адмiнiстрацыi ў Савецкай Беларусi. Ёсьць на гэнай мове даволi вялiкая лiтаратура. Дык тая вэрсiя блiжэй расейскае. Беларускiя буржуазныя нацыяналiсты ўзводзяць паклёп на тую мову й называюць яе маскоўскiм жаргонам. Другая-ж вэрсiя, каторай карыстаюцца бебурнацы, стаiць далей ад расейскай. Ты, бязумоўна, будзеш вучыцца першую.
Капшун устаў, падыйшоў да пiсьмовага стала, узяў кнiгу зь зялёнай вокладкай i даў яе Веры.
- Тут вось, пачытай крыху з пачатку.
Дзяўчына пачала паволi чытаць. Ейнае вымаўленьне патрабавала шмат паправак. Пазiраючы на двор праз вэнэцыянскiя заслоны, Капшун уважна слухаў.
