I нiколi пагадзiцца ня зможаш, што за iншых ты горшая. Адылi ты ўсiм на воку, цi аднаму па дарозе замiнаеш. Людзi чэрствыя асудзяць, ярлык незаслужаны прычэпяць. А цi ведаеш, што мор чужых войнаў i акупацыяў зьвёў са сьвету твайго любага, каторы дзьверы ў сямейнае шчасьце адчынiў-бы?

Цяжкi кон прыгнуў да зямлi сьпiны сялянскiя, любоў i спагаду ў сэрцах блiзкiх змарыў. Быццам краты, тачылi ў неўрадлiвай зямлi свае норы, на сонца глядзець iх адвучылi. I хто-ж гэта, сваей горыччу перапоўнены, прытулак у сваiм сэрцы тваiм цярпеньням знойдзе? Ты-ж - жыцьцёвая няўдача, звычайны правал. Ты - калека-недарэка - не змагла навет усьпялiцца на ня так высокiя ступнi замужжа. I працу, i помач тваю любiць будуць, ды як паленам табой кiдаць. Няўмольная й неспатольная доля старасьцi дзявочай.

Зусiм незаўважна зьявiўся, Парасчыну галаву адурманiў спрактыкаваны ў зводжаньнi старых i маладых дзяўчат франт "драгомiшч". Прыйшлi гутаркi й шэпты па завугольлях, прыйшлi ўздыханьнi й фiзычныя парываньнi. Таемнай салодкай глыбiнёй авалодаў згаладалым целам дрыготка-бурны ў сэксуальнай поўнi кульмiнацыйны акт. А пасьля першага кроку прыйшлi наступныя. I гэтак беспаваротна.

Ды Лявон ня спынiўся на фiзычным авалоданьнi дзяўчыны. За палкiмi цалункамi прыйшлi нашэпты зусiм iншага характару. Не агледзелася заварожаная дзеўка, пакуль яшчэ зацяжарыла, як ногi ейныя босыя, пры цяжкой працы на нiвах парэпаныя, абiвалi начную расу, а за пазухай таiлiся якiя камунiстычныя афiшкi.

Запозна спанатрыла Шпунтовы хiтрыкi адурманеная Параска. Занаравiлася, упёрлася. Адылi Лявон не разгубiўся, па трапны аргумант у кiшэню ня лазiў. Калi не памаглi ласкавыя намовы, палiцыяй пагражаў. Прынесшы такi вялiкi ўрон беднай дзяўчыне, Лявон на сьвежую цалiну пайшоў, а шантажом Параску далей на падпольнай працы трымаў. I вось кара боская: прагная прынадным цялесным шчасьцем паласавацца, дзеўка глыбака ў дрыгву ўлезла. Ня было навокал ратунку. Як пясок на нязмазаных дзёгцем колах, памагалi гэтта матчыны перасьцярогi.



11 из 300