Балела за дачку сэрца матчына. Часамi нараджаўся сьветлячок спадзяваньня. А мо й зьменiцца калi на лепшае? Некаторыя-ж кажуць, што бальшавiкi за бедных стаяць, паноў i багатых з наседжаных гнёздаў вытурваюць. Можа й Макатуном пасобяць. Каму як каму, а Макатунiсе дапякла беспрадонная галеча.

Зiрнула задумана матка на дачок i задрыжэў хваляваньнем ейны голас.

- Дачушка, я-ж знаю, што каб i прыказала табе дома сядзець, дык усiроўна панясець цябе... Дык iдзi-ж, Бог з табой... толька глядзi асьцярожна, каб чаго...

Макатунiха чмыхнула ў нос, пусьцiла сьлязу.

- Добра, мама, - пасьпяшыла запэўнiць яе Параска.

Цалюткую ноч Макатунiха бяссоньцай марылася, быццам што дрэннае прадчувала. Нейдзе на золаку раскатурхалася Дуня, дзьвярмi скрыпнула. Чульлiвае вуха разбудзiла з паўдрымоты матку. Нылi на мулкiм палу бакi. Праз замурзаныя ваконцы, на якiх ужо бзыкалi мухi, цiснуўся ў хату новы дзень. Апраналася. Трывожнае вока зiрнула на пустое месца, дзе звычайна спала Параска. Накрыла дзетак, зiрнула на Алену, што салодкiм сном спала, ды на двор паклыпала.

За лiтоўскiм балотам зарнiцы ўзыходзячага сонца зачырвонiлi просiнь чыстага неба. Калi-б гэты дзень быў буднi, даўно-б паднялася гукамi працы вёска. Сяньня-ж нядзеля. Рэдка дзе лянiва скрыпне ля калодзезя асьвер, радасным зьвяганьнем прывiтае якога раней устаўшага гаспадара сабака.

Ля хлеву прымасьцiлася на зэдлiку ля каровы Дуня. Сiвыя нiткi званiлi па дне пустога вядра. Худая чорная карова прагавiта спажывала сьвежа нажаты Дуняй на дарожным адхоне пырнiк. Пахла сьвежай травой i сырадоем. Макатунiха спынiлася ля калодзезя, прамыла сьцюдзёнай вадой змораны твар.

- Як, мама, нi спалася табе мусiць? - спытала дачка.

- Не, золатка, нi магла заснуць. Праўда гэта цi не, што Параска казала, але сон прагнала. Бог ведаiць што будзiць.

- Якая там праўда, - разважала Дуня, - цi мала чаго калi яна казала.



12 из 300